На территории Витебской области борщевик уже занял 3947,41 га – 85,5% всей площади произрастания в Беларуси

Новости Экология

Знішчаем баршчэўнік Сасноўскага
Баршчэўнік Сасноўскага належыць да сямі відаў раслін, уключаных у Пералік відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню.

На тэрыторыі краіны баршчэўнік Сасноўскага выяўлены ў 103 раёнах, агульная плошча вырастання якога па стане на 1 студзеня 2020 склала 4615,73 га. Найбольш інвазіраванай з’яўляецца Віцебская вобласць, на долю якой прыходзіцца 85,5% (3947,41 га) ад агульнай плошчы вырастання. На другім месцы знаходзіцца Мінская вобласць (7,9%).

Па словах начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя Кісялевіча, на тэрыторыі Шумілінскага раёна ўстаноўлена 45 месцаў вырастання баршчэўніка Сасноўскага ў 17 землекарыстальнікаў. Агульная плошча яго складае амаль 9,5 га.

Гэта нямнога і не крытычна ў параўнанні з іншымі раёнамі (як, напрыклад, з Ушацкім), аднак змагацца са шкоднікам неабходна пастаянна, бо ў гэтай расліны ёсць здольнасць імгненна распаўсюджвацца па ўгоддзях і за два-тры гады ператвараць акультураны ўчастак у ядавітыя джунглі. Таму даводзіцца знішчаць яе як злоснае пустазелле.
Так, рашэннем Шумілінскага райвыканкама зацверджаны План мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных відаў раслін на бягучы год. Асноўнымі выканаўцамі работ павінны выступаць землекарыстальнікі, на землях якіх расце баршчэўнік. Пераважна гэта сельгаспрадпрыемствы.
На мінулым тыдні хімічная апрацоўка баршчэўніка гербіцыдам «тэрсан» вялася каля вёсак Гародна (на здымку) і Маркава Дабейскага сельсавета. Павінны неадкладна прыступіць да работ сельгаспрадпрыемствы «Лаўжанскае» і «Ульскі».
Як зазначыў Г. М. Кісялевіч, землекарыстальнікі абавязаны прымаць своечасовыя меры па абмежаванні распаўсюджвання баршчэўніка Сасноўскага. У выпадку ўстанаўлення фактаў непрыняцця мер заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Як вядома, найбольш эфектыўнымі метадамі барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага з’яўляюцца хімічны з выкарыстаннем спецыяльных хімічных рэчываў – гербіцыдаў і камбінаваны, заснаваны на выкарыстанні розных спосабаў.
Што нельга рабіць, знішчаючы месцы вырастання баршчэўніка?
Па-першае, нельга пакідаць скошаныя расліны. Генератыўны пабег расліны мае ў сцябліне вялікі запас спажыўных рэчываў – дастатковы, каб у галоўным парасоне скошанай расліны саспела насенне.
Па-другое, нельга дапускаць скошванне баршчэўніка ў момант асыпання насення з расліны. Інакш гэта прывядзе да большага рассейвання расліны.
Па-трэцяе, нельга падчас работы з баршчэўнікам быць распранутым ці мець неабароненыя ўчасткі цела. Нязмыты з цела на працягу сутак сок баршчэўніка пры пападанні на гэтыя месцы сонечнага святла (ультрафіялету) прывядзе да ўтварэння дэрматытаў па тыпу апёкаў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №36 ад 12.05.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *