Мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі ладзіліся на Шуміліншчыне 9 мая

Главное

75 год. Памяць жыве!

Мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі ладзіліся на Шуміліншчыне 9 мая


Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі калектываў і грамадскіх арганізацый, жыхары ўсклалі вянкі і кветкі да брацкіх пахаванняў у Шуміліне, Тропіне і Дворышчы. Ушанавалі памяць вызваліцеляў хвілінай маўчання.
Вялікая Айчынная забрала кожнага другога жыхара Віцебшчыны, у Беларусі загінуў кожны трэці. Толькі на брацкіх могілках у Шумілінскім раёне знайшлі вечны спакой 12 тысяч салдат і афіцэраў. Узяўшы слова ля вечнага агню, кіраўнік раёна Віктар Гутараў параўнаў гэтую лічбу з сямю тысячамі жыхароў, якія сёння жывуць у райцэнтры. Каб у чарговы раз уразіцца, адчуць усёабдымную жудасную несправядлівасць, неверагодны боль, што выпаў на долю нашага народа.

– Яны падарылі нам мір, жыццём заплаціўшы за Перамогу, і мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб яго захаваць, – сказаў Віктар Сяргеевіч. – Мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, заспелі жывымі салдат-пераможцаў, многа пра вайну даведаліся ад іх. І вельмі важна перадаць моладзі павагу да подзвігу дзедаў і прадзедаў.
А мір, ён у руках кожнага з нас. Хлебароба, які ад цёмнага да цёмнага рупіцца ў полі; настаўніка, што цярпліва карпее над вучнёўскімі сшыткамі; рабочага на заво-дзе і вучонага, дзякуючы якім, крочыць наперад тэхнічны прагрэс. Стваральнай і сумленнай працай у імя ўласнага дабрабыту мы мацуем мір, які нам падарылі 75 гадоў таму. І памяццю. Святой, безумоўнай памяццю.
Такая памяць, мацуючы сем’і, кожную паасобку, робіць моцнымі цэлыя народы, што перамаглі ў той вайне. Настоеная на болі, слязах і ўсёахопным пачуцці падзякі, яна ніколі і нікому не дазволіць абясцэніць подзвіг дзядоў і прадзедаў.

Пакуль ляжаць кветкі на магіле невядомага салдата, пакуль праўнук шукае брацкае пахаванне з імем продка, пакуль у сямейных альбомах беражліва захоўваюцца фота салдат і афіцэраў, – жыве Памяць. Жыве Удзячнасць.
Пандэмія, захапіўшая ў палон увесь свет, не дазволіла нам адзначыць 9 Мая маштабна, як прывыклі, як павінна быць. Адмяніліся шматлікія планы, сустрэчы, мерапрыемствы. Але можна не сумнявацца, што ў гэты дзень у розных кутках былога Савецкага Саюза за святочным абедам франтавыя сто грамаў былі выпіты стоячы.
У Шуміліне ўвесь дзень гучалі ваенныя песні. Людзі да самага вечара адзін за адным неслі кветкі да брацкіх пахаванняў. Ля гісторыка-краязнаўчага музея разгарнулася выстава «Дзякуй вам за мір і Перамогу», якая ўвабрала ў сябе самыя важныя музейныя праекты. Работнікі культуры паўдзельнічалі ў патрыятычным анлайн-марафоне – спявалі песні і чыталі вершы пра вайну ў прамым эфіры. Можна было патрапіць і на выставу дзіцячых малюнкаў на ваенную тэму, якая ладзілася ў гарадскім парку.
– Вайна пакінула след у біяграфіі кожнай без выключэння беларускай сям’і, і аддзячыць сваім дзедам і прадзедам мы можам толькі стваральнай працай у імя міру і незалежнасці, – адзначыў Віктар Гутараў у размове з карэспандэнтам «Героя працы». – Галоўнае сёння – мацаваць эканоміку. І тут важны ўдзел кожнага без выключэння жыхара. Вось і сёння, у свята, на полі працуе тэхніка, ідзе пасяўная. Вялікі аб’ём работ наперадзе ў сувязі з правядзеннем у Шуміліне ў 2021 годзе абласных «Дажынак». Дарэчы, брацкія могілкі ў райцэнтры таксама чакае маштабная мадэрнізацыя. Работа на многіх аб’ектах ужо распачата.
СШ № 1, гарадскі стадыён, вуліцы, паркі і будынкі горада чакае аднаўленне. Апроч бюджэтнай, кіраўнік раёна ў гэтай справе спадзяецца таксама на падтрымку прадпрыемстваў і арганізацый і жыхароў Шуміліншчыны. Лічыць, што разам нам па сілах змяніць да лепшага малую радзіму.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №36 ад 12.05.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *