Как спилить дерево, не нарушив закон?

Вопрос-Ответ Закон Экология

Як  спілаваць  дрэва, не  парушыўшы  закон?

Жыхары населеных пунктаў, асабліва ў вёсках, часта задаюць пытанне наконт добраўпарадкавання тэрыторый, у тым ліку наконт выдалення небяспечных ці старых дрэў і кустоўя на ўласных падворках, на прыдарожных тэрыторыях, на могілках. Як гэта зрабіць, не парушыўшы закон, мы папрасілі растлумачыць начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя Кісялевіча.

– Усё залежыць ад таго, дзе расце тая ці іншая драўнінна-хмызняковая расліннасць, – кажа Генадзь Мікалаевіч. – Калі дрэва, кустоўе, газон знаходзяцца на ўласным падворку, зямельным участку, тэрыторыі, якая належыць грамадзяніну, тут, як кажуць, на сваёй зямлі чалавек сам сабе гаспадар. Што хоча, тое і робіць: хоча выдаляе, хоча саджае.

Калі ж дрэвы ці кустоўе растуць за межамі прыватных падворкаў, рашэнне пра магчымае выдаленне прымае мясцовы выканаўчы распарадчы орган ці арганізацыя, на балансе якой знаходзіцца гэта тэрыторыя. Могілкі, дзе часта паўстае пытанне аб выдаленні дрэў і дзікага хмызняку, належаць (абслугоўваюцца) альбо сельвыканкамам, альбо прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Драўнінна-хмызняковая  расліннасць, размешчаная ў землях ляснога фонду, ахоўваецца мясцовым прадпрыемствам лясной гаспадаркі, і магчымае яе выдаленне рэгламентуецца лясным заканадаўствам.

У населеных пунктах у ролі землекарыстальніка выступаюць выканкамы, за іх межамі – іншыя суб’екты, часцей за ўсё сельгаспрадпрыемствы. У гэтыя органы і варта звяртацца грамадзяніну, калі ён жадае па якой-небудзь прычыне выдаліць дрэва ці куст, размешчаныя не на тэрыторыі яго ўчастка.

Пры кожным выканаўчым камітэце пастаянна дзейнічае спецыяльная камісія, якая і разглядае падобныя звароты (заявы) грамадзян і прымае рашэнні па дадзеных пытаннях. У прыватнасці, займаецца гэтым аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Часцей за ўсё будзе дадзены дазвол на выдаленне, калі драўнінна-хмызняковая расліннасць і дрэвы перашкаджаюць будаўніцтву будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў ці іх эксплуатацыі; дрэвы ў выніку абследавання прызнаныя небяспечнымі, а таксама ў іншых выпадках, але пры гэтым неабходна зрабіць кампенсацыйныя пасадкі ці кампенсацыйныя выплаты.

Надрукавана ў №43 ад 05.06.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *