На Полоцком путепроводе в Витебске активно идут строительные работы

Новости Экономика

Полацкі пуцеправод: за імгненне да фіналу

У Віцебску ідзе да завяршэння будаўніцтва пуцеправода «Полацкі» – навіна, актуальная не толькі для гараджан, але і для жыхароў нашага раёна. Мы таксама з нецярпеннем чакаем фіналу маштабнага праекту, які ўжо зараз уражвае.

На ўзвядзенні пуцеправода працуюць больш за 400 рабочых і 70 адзінак тэхнікі. Работнікі БМП №169 занятыя афарбоўкай, мехкалона № 43 і ААТ «Будаўнічы трэст № 9» укладваюць тратуарную плітку, ДБУ № 3 адказнае за асфальтаванне, Белсувязьбуд пераўладкоўвае сеткі сувязі, Ціраспальскае ПМК устанаўлівае апоры асвятлення, якіх на аб’екце каля 200, а СМЭП Віцебскага аблвыканкама – святлафоры. Хто часта бывае ў горадзе, заўважыў, што на перакрыжаванні вуліц Цітова і Лявонава святлафоры ўжо ўсталяваныя. Усе работы вядуцца пад кіраўніцтвам генпадраднай арганізацыі ААТ «Мостабуд». Дарэчы, асвятляльныя мачты разлічаны і на пракладку тралейбусных ліній.

Работнікі Гарэлектратранспарту ўкладваюць бясшумныя трамвайныя пуці. Такая сістэма ўнікальная для Віцебска. Агульная працягласць трамвайнай магістралі па пуцеправоду ў двухпутным накірунку – больш за 1800 метраў. Таксама ўстанаўліваюцца дэльта-блокі, якія выключаць выезд аўтамабіляў на трамвайныя шляхі і тратуары. Робяцца газоны, пасаджаны кусты і дрэвы, даводзіцца да розуму сістэма адводу і ачысткі ліўневых вод. Рабочыя рупяцца вахтавым метадам, без выхадных, стараюцца максімальна захапіць светлавы дзень. Пракладзены газаправод, электрычныя сеткі, завяршаецца ўстаноўка ліўневай каналізацыі.

Паркоўка разлічана на 300 месцаў. Пакуль укладваюцца ніжнія слаі асфальту, як патлумачылі спецыялісты, верхнія будуць гатовы перад самым адкрыццём: іх берагуць ад уздзеяння вялікагрузнай спецтэхнікі.

Па словах кіраўніка праекта – начальніка аддзела тэхнічнага нагляду ДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама» Міхаіла Казурава, фінансаванне будаўніцтва вядзецца стабільна, а рабочыя прыкладаюць усе намаганні, каб у Віцебску як мага хутчэй запрацавала артэрыя, якая злучае вуліцу Касманаўтаў з вуліцамі Ленінградская і Цітова. Дакладную дату ўводу будаўнікі пакуль не называюць, але відавочна, што адкрыццё пуцеправода не за гарамі.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *