В Шумилинском районе продолжается заготовка кормов

Сельское хозяйство

Тры  дні  –  і  траншэя  гатова

Мала скасіць і здрабніць травы, іх яшчэ добра захаваць. Траншэі ў сельгаспрадпрыемствах зага-дзя пабелены, пад’язныя шляхі адрамантаваны і высланы саломай – такім чынам на сянаж не заносіцца бруд.

Травы першага ўкосу ўбіраюць на сянаж ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс». Ужо заклалі сянажную траншэю ў Светласельскім. А зараз працуюць на добрынскім участку – трамбуюць корм ля фермы Паратоўка. Да фермы адзін за адным з гружанымі прычэпамі пад’язджаюць трактары і машыны. Вось разгружаецца Дзмітрый Куляшоў і Пётр Палаўкоў, за ім спяшаюцца Дзмітрый Буржынскі, Уладзімір Шаблін і Рыгор Кавалёў. Дзесьці на палетках яшчэ грузяцца мясцовыя перадавікі – Міхаіл Бібкін і Віталь Каропа, на рахунку якіх 1427 і 1390 тон адпаведна.

–  У нас усе механізатары працуюць спраўна, бо ад гэтага ж залежыць іх заробак, – кажа спецыяліст па ўліку кармоў Наталля Волкава. – У Паратоўцы закладваем ужо пятую траншэю. У папярэднюю змясцілася 1663 тоны. За дзень на траншэю прывозяць па 500-600 тон здробненай зялёнай масы. Тры дні – і траншэя гатова.

А за гэту гатоўнасць у адказе механізатар Аляксандр Філіпенка, які на сваім «Амкадоры» і рассоўвае зялёную масу, і трамбуе яе. Ездзіць на трактары па аднаму і таму ж месцы па некалькі соцень разоў за дзень.

– Напэўна, надакучлівая такая работа? – пытаюся ў механізатара.

– Ёсць крыху, – усміхаецца Аляксандр. – Аднак камусьці трэба і тут працаваць, бо без трамбоўкі кармы не захаваць. І на полі, і на траншэі – усюды патрэбны старанне.

Як патрабуе тэхналогія, Аляксандр Філіпенка кожную порцыю кармоў новага прывозу пасыпае соллю. Кажуць, так у сенажы лепш захоўваюцца яго карысныя ўласцівасці. Завяршаючы этап нарыхтоўкі – закрыццё траншэі. Як расказалі механізатары, рабіць гэта трэба так, каб  кісларод не трапіў да корму –  тады пазбегнеш страт і зніжэння кармавой каштоўнасці. Таму траншэю па тэхналогіі закрываюць цёмнай плёнкай, а зверху кладуць груз у выглядзе саламяных цюкоў або аўтамабільных пакрышак.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *