Кошкін дом або Хто ў адказе за тых, каго прыручылі?

Закон Общество Экология

Кошкін дом або Хто ў адказе за тых, каго прыручылі?

У любое надвор’е ля дома № 14 па вул. 40 год Кастрычніка, ля дома № 26 па вуліцы Ленінскай можна сустрэць катоў. Шэрыя і рыжыя, чорныя і плямістыя, яны адчуваюць тут сябе паўнапраўнымі гаспадарамі.

–  Вышэйназваныя дамы – самыя праблемныя, – кажа майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Вераніка Багданава. – Праблемныя ў тым плане, што тут сталуюцца бяздомныя каты. Людзі не толькі падкормліваюць іх, але і далі ім прытулак у сваім пад’ез-дзе.  Падобная сітуацыя склалася ля дамоў № 16 і 19 па вуліцы Ленінскай, у трэцім пад’ездзе дома № 27 па вуліцы Юбілейнай, у першым пад’ездзе дома № 82 па вул. Сіпко, ля некаторых пад’ездаў дома № 11 па вул. Кароткіна.

«Вельмі шкадую, затое і кармлю». У доме № 14 па вул. 40 год Кастрычніка мы так і не разабраліся, каму належаць каты. Кажуць, некаторыя з іх свае, дамашнія, (але чые, ніхто не прызнаўся), іншыя – невядома адкуль. Усе яны свабодна ходзяць і выходзяць з пад’езда. І ў гэтым вінаваты самі жыльцы, якія раскрываюць дзверы.  У пад’ездзе, дзе мы ўбачылі пустыя міскі з-пад ежы, быў непрыемны пах. Бяздомных катоў прыкормліваюць некаторыя жыхары. Вось пазіцыя гэтых дабрадушных людзей:

– Вельмі шкадую катоў, затое і кармлю.

– Каты ж не вінаватыя, што яны апынуліся на вуліцы.

– Жывая істота, хочацца дапамагчы.

– Прывыклі да гадаванцаў, адносімся да іх не менш адказна, чым да работы. Варым суп спецыяльна для катоў.

– А я купляю для катоў каўбасу, сама не з’ем, а жывёлу накармлю.

– Калі застаецца грошай ад пенсіі, дык іду ў магазін, каб купіць спецыяльнага корму для катоў. Думаю, няхай паласуюцца смачненькім, іх жа і так жыццё пакрыўдзіла.

Другі бок медаля. Многія жыхары шматпавярховак цярпліва адносяцца да катоў. Да пэўнага часу. Але калі пад дзвярыма тваёй кватэры з’яўляюцца «сюрпрызы», дык хто ж вытрымае? Вось думкі некаторых жыхароў шматпавярховак:

– Я не супраць катоў, але ж іх трэба ўтрымліваць па пра-вілах, каб не перашкаджаць астатнім жыхарам.

– Лічу, што тых, хто разводзіць плойму катоў, трэба прымусіць кожны дзень прыбіраць у пад’ездах, каб не было антысанітарыі.

– Каты павінны жыць у прыватных дамах, а не ў шматпавярховых.

– Утрыманне катоў – гэта не толькі цёпла і сытна. Гэта яшчэ і вялікая адказнасць, неперакладанне клопатаў на плечы іншых. Мы ў адказе за тых, каго прыручылі.

Не пазайздросцім прыбіральшчыцам УП ЖКГ. Яны абураюцца, што ў іх абавязкі не ўваходзіць уборка за катамі, а прыходзіцца займацца і гэтым. Шкада сваіх рук: сёння прыбраў, а заўтра зноў тое самае.

Які выхад з сітуацыі? Паколькі за пад’езды шматпавярховак у адказе УП ЖКГ, да іх спецыялістаў мы і звярнуліся з гэтым пытаннем. «Згодна з “Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі” кожны кватэраздымшчык павінен падтрымліваць у пад’ездах чысціню, – кажа начальнік падраздзялення «Шумілінскае» Юрый Лосеў. – Калі завёў сабе ката, то і даглядай яго, сачы, каб пад’езд не быў месцам выгулу. Што тычыцца бяздомных катоў, то работнікі камунгасу вымушаны весці іх адлоў.  Вядома, па папярэдніх заяўках жыхароў».

Адказнасць. У выпадку, калі гаспадары жывёлы не даглядаюць за ёй належным чынам ці ўладкавалі ў пад’ездзе «кошкін дом», можна патэлефанаваць ва УП ЖКГ. Будзе складзены пратакол, пасля чаго вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці, патлумачыў  спецыяліст па рабоце са зваротамі  камунгасу Ягор Дзяменцьеў.

Згодна з арт. 15. 47 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф да 15 базавых велічынь. У выпадку, калі жывёла нанесла шкоду зда-роўю людзей ці маёмасці, справа перадаецца ў суд. У гэтым выпадку чалавеку па-гражае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.

Між іншым.  На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб пытаннях па абыходжанні з жывёламі», дзе прапісаны абавязкі ўладальнікаў сабак і кошак, абмежаванні іх утрымання ў кватэрах, забарона жорсткага абыходжання. Прапануюць чыпаваць жывёлу ў тых населеных пунктах, дзе пражывае больш за 30 тысяч чалавек. Бяздомных кошак прапануюць стэрылізаваць і вакцынаваць, а потым адпускаць у асяроддзе  прыроднага пражывання. З якімі змяненнямі названы праект будзе ператвораны ў жыццё – пакажа час.

А што наконт прытулкаў?  Не толькі ў замежных краінах, але ў многіх гарадах нашай рэспублікі ёсць прытулкі для сабак і катоў. Там жывёлу кормяць і даглядаюць, яна не бадзяецца па вуліцах і нікому не перашкаджае. Разам з тым коціка можа ўзяць да сябе любы чалавек, які гатовы паклапаціцца пра меншага сябра. Ці магчыма зрабіць падобны прытулак у райцэнтры? Гэтае пытанне мы адрасавалі дырэктару УП ЖКГ Аляксею Шпакаву. «Жыллёва-камунальная гаспадарка  мае зусім іншыя мэты і задачы, мы не займаемся  прытулкамі для жывёлы,– сказаў Аляксей Арцёмавіч. – На гэтыя мэты нам не выдзяляюцца сродкі. Магчыма, у будучым такія прытулкі і будуць у нашым райцэнтры. Хутчэй за ўсё за гэту справу возьмуцца прыватнікі – ёсць жа такія прыклады ў іншых абласцях».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *