Настаўнік+ Ірына Кулікава

Образование Общество Экология

Прыродныя сцежкі Ірыны Кулікавай
Яна ўмее лічыць салаўёў, лячыць дрэвы і выкормліваць кітайскага дубовага шаўкапрада. Яна ведае, чаму высыхаюць рэкі, чым дапамагчы Балтыйскаму мору і як зрабіць працэс вучобы цікавым для дзяцей.


Ірына Уладзіміраўна Кулікава – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік хіміі і біялогіі Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната; старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «ЭкаБум»; грамадскі эколаг.
Ірына Кулікава сваю адказнасць за прыроду адчула яшчэ ў дзяцінстве. Пазней, калі стала студэнткай біялагічнага факультэта Віцебскага педінстытута, яшчэ больш упэўнілася, што прафесію выбрала беcпамылкова. І ўжо ў студэнцкі час на практыцы пачала праводзіць свае першыя даследаванні. У Лётцах, напрыклад, яна выкормлівала тых самых кітайскіх дубовых шаўкапрадаў, якія на вачах з вусеняў пераўтвараліся ў вялікіх матылькоў.

– Прырода захапляльная, яна бясконцая для пазнання, – кажа Ірына Уладзіміраўна. – Мне пашанцавала: вучэбная лабараторыя – навокал, толькі не лянуйся назіраць і аналізаваць.
І яна не лянуецца, кажа, што проста выкладаць тэарэтычную частку сумна. Да тэорыі трэба далучыць эксперымент, даць вучням стаць яго ўдзельнікамі і аўтарамі самастойных адкрыццяў. Навука пачынаецца там, дзе ставіцца пытанне, кажа яна. І важна, каб вучань сам знайшоў адказ на яго.

За плячыма самой настаўніцы – пастаянная вучоба, адкрыццё новых перспектыў. Інакш жыццё стане руцінай, пераканана Ірына Уладзіміраўна. Кожную новую прыступку яна надзейна мацуе да сваёй жыццёвай лесвіцы росту.
Дарэчы, настаўніцтва яна пачынала тут жа, у Лескавічах, дзе працуе і зараз. Тады гэта была базавая санаторная школа-інтэрнат, і сюды яна пасля інстытута паступіла працаваць выхавальнікам, што стала штуршком атрымаць у далейшым дыплом сацыяльнага педагога.
Потым была работа ў СШ №1 у якасці настаўніцы біялогіі і сацыяльнага педагога. На работу былую выпускніцу школы і сярэбраную медалістку запрасіў тадышні дырэктар СШ №1 М. З. Сямёнаў. Ведаў, што рабіў.
– Чым запомніўся гэты перыяд?
– Цікава было паспрабаваць сябе ў ролі ландшафтнага дызайнера (недарэмным аказаўся інстытуцкі факультатыўны курс ландшафтнага дызайну і вывучэнне вопыту еўрапейскіх краін). Тады мы зрабілі рэканструкцыю школьнага ўчастка, засеялі газон па ўсіх правілах, высадзілі групы раслін, пад акном кабінета фізікі разбілі тры круглыя клумбы. Школьная тэрыторыя стала выглядаць па-сучаснаму. Усё гэта стала асновай для далейшага развіцця тэрыторыі.
– А дзе бярэ пачатак ваша грамадская экалагічная дзейнасць?
– У пару дырэктарства ў Шумілінскім цэнтры па пазашкольнай рабоце. Гэта быў цікавы час. Было шмат гуртковай работы, конкурсаў і перамог. І тут я ўпершыню паспрабавала арганізаваць другасную занятасць школьнікаў, навучылася рабіць неабходную дакументацыю і накіроўваць працэс. Тады акрамя рамонту школьнай мэблі і пашыву пасцельнай бялізны мы, бадай, першымі ў раёне пачалі шыць шторы на вокны. Навыкі арганізацыі другаснай дзейнасці спатрэбіліся мне і ў далейшым, у гімназіі.
Дык вось, у гэты перыяд мне пашанцавала пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, у прыватнасці з каардынатарам праекта «Дзікі квадрат» Наталляй Парэчынай, праекта, заснаванага на вопыце Еўрасаюза па захаванні біяразнастайнасці.
– І ўзброіўшыся новымі ведамі, вы, як сведчыць паслужны спіс, вырашылі несці канкрэтную карысць і пайшлі працаваць інжынерам-лесапатолагам у Шумілінскі лясгас. Такі вось рэзкі віраж. Што хацелі даказаць?
– На справе нічога нікому не даказвала. Пасля другога дэкрэтнага водпуску мне хацелася цішыні, хацелася быць бліжэй да прыроды і канкрэтна дапамагаць ёй. Лес, як і чалавек, хварэе і таксама чакае дапамогі. Я ўдзячна лёсу і лесу за вопыт, які атрымала. Гэты вопыт абагаціў мяне і мае будучыя ўрокі. А яшчэ я ўпэўнілася, як разумна ўсё ў лесе збалансавана.
– А чалавек хіба не разбурае гэты баланс, хіба не зашмат мы вывозім лесу і апусташаем прыроду?
– У нас вельмі многа саджаецца лесу. Проста, калі мы бачым вялікія гружаныя дрэвамі лесавозы ў параўнанні з машынай, што вязе маленькія саджанцы, у нас закрадаецца трывога. Але падстаў для яе няма.
– Чаму ж лес адпусціў сваю заступніцу і лекарку?
– Ён мяне блаславіў і дапамог падняцца на новую прыступку. Я атрымала за-прашэнне ад дырэктара раённай гімназіі Л. У. Мала-дзечкінай і адчула, што не толькі адпачыла душой, але і ссумавалася па школе.
І вось праз 20 год дарога зноў прывяла Ірыну Кулікаву ў Лескавічы. Сёння Ірына Уладзіміраўна – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, выкладчык хіміі і біялогіі Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната. Плюс вядзенне другаснай занятасці, якому яна аддала тры гады (плады працы, у прыватнасці, бачны ў кабінетах і на калідоры гімназіі ў якасці прыгожых салідных стэндаў). Плюс работа ў грамадскім аб’яднанні «ЭкаБум».
– А ведаеце, Ірыне Уладзіміраўне лёгка ўдаецца спалучаць усе гэтыя заняткі і атрымліваць высокі вынік, – кажа Ларыса Уладзіміраўна Маладзечкіна. – Дзякуючы ёй, нашы гімназісты самі робяць даследаванні і напісалі не адну навуковую работу пра хімічны аналіз вады, пра ўтрыманне нітратаў і фасфатаў у калодзежах, наяўнасць мікрапластыку ў вадаёмах. Умее Ірына Уладзіміраўна стварыць камфортныя ўмовы для навучання. У гэтым дапамагае і яе «ЭкаБум», да дзейнасці якога падключыліся некаторыя работнікі гімназіі.

Сёння аб’яднанне «ЭкаБум» дастаткова аўтарытэтная арганізацыя. На яе рахунку шмат карысных спраў, рэалізаваных праектаў, у тым ліку і з фінансавым удзелам Еўрасаюза. Так, напрыклад, праект «Паляпшэнне веласіпеднай інфраструктуры ў Шумілінскім раёне» атрымаў грант у размеры 8 500 еўра; выйгрышным аказаўся і праект “Новае жыцце двара “Прамень” (добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі (у адным з дамоў па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне) з уладкаваннем аб’ектаў веласіпеднай інфраструктуры – 9 920 долараў. Дарэчы, падрыхтаваць такі праект і атрымаць фінансаванне асобная навука, вельмі і вельмі няпростая, хто з гэтым сутыкаўся – ведае.

Пра дзейнасць «ЭкаБума» наша газета пісала не раз. І не толькі наша. У самой Ірыны Кулікавай цэлы архіў матэрыялаў, фотаздымкаў. Вось яны з сябрамі падчас «Тыдня лесу» саджаюць дрэвы, а тут робяць штучныя гняздоўі для птушак, праводзяць акцыі па раздзельным зборы смецця, выкарыстаных батарэек, пластыкавых накрывак. А гэта – плогінг каля Шумілінскага возера (бег трусцой і ўборка смецця адначасова).

На адным з фотаздымкаў, азначаным 28 верасня 2019 года, адлюстраваны вялікі гурт веласіпедыстаў – больш за 50 чалавек прынялі ўдзел у велапрабегу ад Шуміліна да Вялікага каменю. Велапрабег сумясцілі з уборкай смецця. Карысць самім, карысць прыродзе.
А Ірына Кулікава разам з сябрамі «ЭкаБума» ужо працуюць над новым праектам: арганізацыяй збору і ўтылізацыі пратэрмінаваных лекавых прэпаратаў. Сапраўды, куды мы дзенем назапашаны парацэтамол ці анальгін, калі выйдуць тэр-міны карыстання? У смеццевае вядро. А адтуль на звалку, яшчэ адным гнайніком на цела прыроды.

????????????????????????????????????

Нельга не сказаць пра надзейны штаб грамадскага аб’яднання. Ірына Кулікава ўсе заслугі ў поўнай меры дзеліць са сваімі аднадумцамі і просіць напісаць у газеце, што з дня заснавання, з 2017 года ўпоплеч з ёй працуюць Марына і Сяргей Аляксеенкі з Башнёў, Таццяна і Вадзім Лапавухавы з Шуміліна, калегі з раённай гімназіі: Ларыса Маладзечкіна, Вера Якубёнак, Вольга Жыгунова, Алена Філіпенка. А яшчэ – Святлана Архіпава з сям’ёй, Святлана Ільінец і, вядома ж, уся сям’я Кулікавых. Грамадскага эколага усямерна падрымліваюць родныя – муж Аляксандр, сыны Міхаіл і Арсеній.
– А навошта вам усё гэта?
– Каб чалавекам звацца, каб дапамагчы сабе і іншым выпрацаваць новыя мадэлі паводзін у прыродзе, каб даць нашым унукам магчымасць жыць на чыстай планеце. Наогул, магчымасць жыць.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №56 ад 21.07.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *