На базе Шумілінскага лясгаса прайшоў абласны семінар

Главное Экология Экономика

Ці лёгка вырошчваць якасны лес?

На базе Шумілінскага лясгаса прайшоў абласны семінар з удзелам галоўных ляснічых, інжынераў па лесааднаўленні і меліярацыі лясгасаў рэгіёна.

Непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве ўзялі генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Заблоцкі, кансультант Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Булах, прадстаўнікі Брэсцкага ДВЛГА, Браслаўскага нацыянальнага парка. «Ці лёгка вырошчваць лес, як працаваць, рыхтаваць лясныя пароды да ўводу іх у катэгорыю каштоўных лясных насаджэнняў – галоўныя пытанні, на якія лесаводы Віцебшчыны падчас семінара спрабавалі знайсці адказы.

Як паказвае жыццё, у гэтай справе абсалютна недастаткова проста пасадзіць саджанцы ў падрыхтаваную глебу. Шмат складальнікаў уплываюць на канчатковы вынік, у тым ліку і незалежныя ад лесаводаў абставіны: змяненне клімату, складу глебы, прыродныя нечаканасці. А лесаводам з улікам розных нюансаў трэба каардынаваць працэс, накіроўваць яго ў патрэбнае рэчышча, своечасова ўносіць карэктывы, працаваць у першую чаргу на якасць, не забываючы пры гэтым пра нарматывы і заканадаўства.
Арганізатары семінара пастараліся ўзяць для наведвання праблемныя аб’екты спрэчнага характару, тыя, дзе ў кантралюючых службаў узнікаюць пытанні, каб усім разам разабраць прычыны і знайсці прымальныя шляхі далейшай работы, з улікам ведаў, вопыту і напрацовак.
Семінар пачаўся з вітальных слоў намесніка генеральнага дырэктара Віцебскага ДВЛГА галоўнага ляснічага аб’яднання Яўгена Філіпава і дырэктара Шумілінскага лясгаса Аляксандра Лабынцава на тэрыторыі дэндрапарка, узорнай тэрыторыі лясгаса, багатай на самыя разнастайныя і рэдкія віды драўнінна-хмызняковых культур. Пасля ўдзельнікі накіраваліся на аб’екты.

Удзельнікі семінара пабывалі на многіх аб’ектах, дзе галоўным гідам выступіў галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса Дзмітрый Падляшчук. У прыватнасці, на тэрыторыі Мікіціхінскага лясніцтва паглядзелі, як мясцовыя лесаводы вядуць рэканструкцыю малакаштоўных лясных насаджэнняў калідорным спосабам з пасадкай лясных культур елкі еўрапейскай 2006 года, як праводзіцца высечка догляду (прачыстка) ў кулісах насаджэння, абмеркавалі, ці варта пакідаць на дарошчванне елку еўрапейскую 2012 года пасадкі, і наогул як палепшыць якасць участка.

Далей на шляху былі аб’екты Обальскага лясніцтва, дзе разглядаліся і абмяркоўваліся праблемныя пытанні пераводу ўчастка ў пакрытую лесам плошчу і ўводзе ў катэгорыю каштоўных лясных насаджэнняў, дзялення ўчастка на асобныя выдзелы, спісання часткі плошчы і г. д.
Перад удзельнікамі семінара была прадэманстравана шматлікая тэхніка і прылады працы, як новыя, так і мадэрнізаваныя самімі работнікамі лясгасаў. Многіх зацікавілі сучасныя кустарэзы, высатарэзы, мадэрнізаваныя «Амкадоры» для расчысткі лесасек, мульчары, саджалкі для хваёвых і ліставых саджанцаў з закрытай і адкрытай каранёвымі сістэмамі, механізмы для правядзення агратэхнічных і хімічных доглядаў за ляснымі культурамі.
Апошнім на шляху стаў участак Обальскага лясніцтва – узорны, з пасадкамі елкі еўрапейскай і дуба чарэшчатага, такі, да якога трэба імкнуцца лесаводам у рабоце па лесааднаўленні.
Пасля практычнай часткі адбылося пленарнае пасяджэнне, на якім з дакладам пра вынікі выканання за 1 паўгоддзе комплексу мер па ўдасканаленні ўзнаўлення лясоў, забеспячэнне вырошчвання якасных лясных культур і ўводзе маладнякоў у катэгорыю каштоўных лясных насаджэнняў у лясгасах вобласці выступіў вядучы інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Віцебскага ДВЛГА Аляксей Кіташоў. Былі заслуханы справаздачы галоўных ляснічых, інжынераў па лесааднаўленні і меліярацыі, падведзены вынікі семінара. Адзначана, што абласны семінар прайшоў на высокім узроўні, насычана і плённа.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №61 ад 07.08.2020 г.

Удзельнікі семінара на адным з участкаў Мікіціхінскага лясніцтва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *