Мария Лебедева готовит отменные обеды механизаторам

Новости Сельское хозяйство

Меню залежыць ад надвор’я

Трэці год індывідуальны прадпрымальнік з Мікіціхі Васіль Мацуганаў, які трымае ў аграгарадку міні-кафэ «У Алёны», заключае дагавор на гатаванне абедаў і падвячоркаў для механізатараў сельгасарганізацый раёна.

Такая паслуга стала рэальнай дзякуючы вопытнаму повару Марыі Ягораўне Лебедзевай, якая ў прафесіі амаль сорак гадоў. Жанчына не дазваляе сабе такой «раскошы», як паўтарэнне адных і тых жа страў на тыдні. Сем дзён – значыць сем розных першых страў і другіх таксама. «З нашага міні-кафэ забіраюць паўсотню абедаў на поле для механізатараў ААТ «Прыазёрны мір» і КУСГП «Ульскі», – расказала Марыя Ягораўна. – Асабліва мужчынам даспадобы плоў са свінінай, любяць катлеты, галубцы, бліны з мясам, шніцалі, кураціну, смажаную рыбу, тушаную бульбу. Што тычыцца супоў, дык усе ядуць з ахвотай. Халаднік і боршч па-за канкурэнцыяй. Абавязкова раблю і салаты. Але ў залежнасці ад надвор’я: калі халаднавата – то «аліўе» ці «селядзец пад шубай», а ў спякоту налягаем больш на памідоры і агуркі».
Марыя Лебедзева прытрымліваецца прынцыпу: працаваць у ахвоту можна толькі на поўны страўнік. Прадукты ў кафэ прывозяць заўсёды свежыя. Ну, а астатняе, як кажуць, – справа рук майстра. Жанчына сама пячэ праснакі, варыць кампот і кісель, робіць морс з журавін. Акрамя гэтага, час ад часу да абедаў кладзе механізатарам па яблыку ці па персіку – няхай пасмакуюць. Прымае повар і заказы ад механізатараў, але ў сваёй большасці іх апярэджвае, бо добра ведае густы працаўнікоў палеткаў.
На падвячорак Марыя Ягораўна часта пячэ булачкі, смажыць каўбасу, варыць кампоты. Кожнаму механізатару прывозяць мінеральную ваду і ліманады, якія асабліва актыўна разыходзяцца ў спякотныя дні.
А словы механізатараў КУСГП «Ульскі» — найлепшая адзнака работы повара:
– Вельмі смачна, як у рэстаране!
– Абеды разнастайныя, дома мы так не гатуем.
– Повар – супер! Звычайная кураціна, а ў роце быццам растае.
– Пасля смачных абедаў прыбаўляюцца сілы – працаваць у ахвоту.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №62 ад 11.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *