6 верасня Дзень беларускага пісьменства

Главное Культура

6 верасня Дзень беларускага пісьменства

З глыбокай старажытнасці – спрадвеку,
каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз.
Каб мову мець, каб звацца Чалавекам,
цягнуўся да асветы беларус.
Мікола Федзюковіч

Дарога да святыняў пройдзе цераз Бялынічы

Дзень беларускага пісьменства – гэта нацыянальнае свята, якое штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Упершыню свята праходзіла ў г. Полацку ў 1994 годзе. Сталіцамі свята таксама былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім.
У 2020 годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці.
Асноўная ідэя свята – захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём.
Сёлета ў сталіцы свята Бялынічах 6 верасня сустрэнуцца ўсе, хто працуе дзеля захавання друкаванага слова, папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры і памнажэння духоўнасці беларускага народа.
Асноўнымі тэмамі свята стануць Год малой радзімы, 75-годдзе Вялікай Перамогі, 90-годдзе Уладзіміра Караткевіча. Падрыхтаваны шэраг выданняў, напрыклад, мастацкі альбом В. Бялыніцкага-Бірулі, кніга «І маці Божай памалюся», іншыя адметныя кнігі. Усе найбольш маштабныя мерапрыемствы пройдуць 6 верасня. Сярод іх – урачыстае адкрыццё свята. Пройдзе ўзнагароджанне пісьменнікаў – пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
У межах свята адбудзецца экспедыцыя «Дарога да святыняў», пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні», будуць падведзены вынікі конкурсу «Кніга з экрана», а таксама іншых творчых спаборніцтваў, што праводзіліся напярэдадні. Дадуць старт гістарычнай квэст-гульні «Скарб князя Гальшанскага», да якой запрашаюцца ўдзельнікі свята. А 5 верасня адбудзецца круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: Слова стваральнае і разбуральнае» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў з многіх краін свету.
На цэнтральнай плошчы горада 5-6 верасня будуць працаваць павільёны «Друкарскі двор», «Слова пісьменніка» і многія іншыя, дзе ўдзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства змогуць пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі і сустрэцца з пісьменнікамі. Таксама будуць прадстаўлены экспазіцыі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі пройдуць на пляцоўцы «Слова пісьменніка».
Па матэрыялах СМІ.
Апублікавана ў №69 ад 04.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *