А бібліятэка жыве і будзе жыць

Культура Общество

А бібліятэка жыве і будзе жыць

Дзень бібліятэк у Шумілінскім раёне сёння адзначаюць 45 бібліятэчных работнікаў. Да прафесіяналаў далучаецца вялікая колькасць наведвальнікаў – а гэта 9753 дарослыя чытачы і 3218 дзяцей, а таксама ўсе, хто паважае літаратуру і любіць чытаць.

Калектыў цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Не, электронныя гаджэты не выцеснілі прывычную друкаваную кнігу, хоць і працуюць у гэтым накірунку. Але многія людзі, як, урэшце, і мы, рэдакцыйныя работнікі, навіны і іншую аператыўную інфармацыю чытаем у электронным выглядзе, а рэальную кнігу разглядаем часта як сродак і магчымасць адпачынку. Каб узяць выданне ў рукі, сесці ў крэсла пасля працоўнага дня ці адкінуцца на канапу і акунуцца ў свет кніжных герояў і падзей.
– Друкаваная кніга па-ранейшаму папулярная, – пацвярджае дырэктар Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Барабанава. – Сёння акрамя дзвюх бібліятэк у райцэнтры, у раёне працуюць яшчэ 15, плюс 3 клубы-бібліятэкі. І ўсе яны запатрабаваныя. Апроч таго, мы вязём і нясём чытачам кнігі на дом. У нас распрацаваны 15 маршрутаў, пяць раз на тыдзень спецыяльны бібліятэчны аўтобус едзе па адным з іх (кожны маршрут уключае 5-6 вёсак). Людзі вельмі чакаюць нас.
– Вяскоўцы больш чытаюць зімой?
– Не зусім так. Летам на вёску шмат прыязджае дачнікаў, і яны актыўна карыстаюцца нашай бібліятэкай на колах.
– Якой літаратуры народ аддае перавагу?
– Чытаюць усё. Па-ранейшаму папулярная перыёдыка, людзі ідуць у бібліятэкі, каб пагартаць газеты (найбольш запатрабаваныя «Герой працы», «Віцебскія весці», СБ, «Аргументы і факты», «Камсамольская праўда»), запісаць на абанемент часопісы (такія як «Сваты», «Сваты на пенсіі», «Однако жизнь», «1000 советов», «Здравушка», «Хозяин», іншыя). У чытачоў сталага ўзросту асаблівая цяга назіраецца да класічных літаратурных твораў.
– Напэўна ж, ім хочацца па-новаму, з вышыні свайго ўзросту і жыццёвага вопыту ацаніць прачытанае ў маладосці, параў-наць тагачасныя і цяперашнія ўражанні ад твораў. А скажыце, Вольга Мікалаеўна, ці даводзіцца бібліятэкарам, маю на ўвазе перш за ўсё вясковых, самім працаваць кніганошамі?
– Безумоўна. Бывае, тэлефануе нехта з пастаянных чытачоў, часцей за ўсё звоняць пажылыя людзі, якім цяжка дабрацца да бібліятэкі, просяць прынесці тую ці іншую кнігу, альбо нешта на выбар бібліятэкара. Чалавек, які з маладосці прывык чытаць, ужо ніколі не зможа без кнігі – гэта духоўны голад. І вядома, работнікі бібліятэк ідуць і нясуць людзям кнігі.
– Пастаяннаму чытачу бібліятэка цікава навінкамі. Як часта ўдаецца папаўняць фонд? Якія сродкі выдзяляюцца на гэтыя мэты?
– Перыядычныя выданні мы выпісваем рэгулярна, трацім на гэта не менш за 1400 рублёў у месяц. Падпіска на бягучы верасень абышлася, напрыклад, у 1666 рублёў. А гадавая падпіска на перыёдыку для ўсёй цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы абыходзіцца бюджэту ў 120 тыс. рублёў. Што датычыць кніг, то зараз змянілася сістэма закупак, у сувязі са стварэннем цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна яна стала больш складанай, і шлях кнігі ад выдавецтва (з якімі мы цяпер не можам працаваць напрамую) да чытача павялічыўся.
– Час вымушае бібліятэку не толькі адкрываць дзверы чытачу, але і самой быць мабільнай, ісці насустрач, прапаноўваць новыя формы работы.
– Гэта так. На ўсіх раённых святах бібліятэкі прысутнічаюць на сваімі выставамі, конкурсамі, віктарынамі. Традыцыйнымі сталі бібліятэчныя мерапрыемствы на свежым паветры. Раённая бібліятэка, напрыклад, ладзіць выставы і розныя фэсты ў скверы, што прылягае да яе, бібліятэкар з Башнёў Ала Сафончык праводзіць з дзецьмі экалагічныя бібліяпадарожжы, у Кардоне папулярнасцю карыстаецца «Бібліятэка пад парасонам», якую летам арганізоўвае Наталля Маліноўская, бібліятэкар з Мішневіч Людміла Тарасава ўжо некалькі год запар збірае пад крылом бібліятэкі аматараў тэатральнай творчасці. Народная літаратурна-музычная гасцёўня «Крыніца», якая пад кіраўніцтвам Людмілы Грыгор’евай працуе пры раённай бібліятэцы, распрацавала і такую форму работы як віншаванне на даму – з днём нараджэння, з юбілеем, з іншай нагодай. Удзельнікі гасцёўні падрыхтавалі віншавальную праграму і з песнямі, з гармонікам (па жаданні і з перасоўнай бібліятэчкай) едуць да віноўнікаў урачыстасцей.
– Гэтая паслуга платная? Калі не сакрэт, колькі сёння каштуюць спевы пад гармонік з дастаўкай на дом?
– Зараз у сувязі з небяспекай распаўсюджвання каранавірусу мы такую паслугу не аказваем, а на пачатку зімы гэта задавальненне абыходзілася шумілінцам у 10 рублёў. У дадатак у снежні-студзені ў якасці вядучых выступалі Дзед Мароз і Снягурка.
– Платныя мерапрыемствы праводзіце і для дзяцей?
– Так. Праводзілі выпускныя вечары для малодшых школьнікаў – з адпаведным сцэнарыем і афармленнем чытальнай залы.
– Відавочна, што ў бібліятэчнай сістэме раёна працуе шмат таленавітых, творчых і крэатыўных людзей, якіх ведаюць у раёне і не толькі.
– Прыемна гэта чуць і ўсведамляць. І гэта пацвярджаюць факты новых перамог. Так, у гэтым годзе народная літаратурна-музычная гасцёўня «Крыніца» стала лаўрэатам 1 ступені ў абласным конкурсе на лепшую літаратурна-музычную кампазіцыю «Мы памятаем!», прысвечаную 75-годдзю Вялікай Перамогі. Удзельнікі гуртка «Homelegens» дзіцячай бібліятэкі (кіраўнік Ірына Сарма) паспяхова прынялі ўдзел у міжнародным конкурсе «Выразанкі» па матывах казак Андэрсана (праводзіў конкурс інстытут дацкай культуры) – грамату атрымала Вікторыя Вараб’ёва. У раённым конкурсе летапісаў «Гісторыя ў дакументах», які праводзіў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей, Ала Бубен з Дабейскай бібліятэкі заняла першае месца (яна сабрала багаты матэрыял па закрытых аб’ектах адукацыі), а намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Маргарыта Скуратава атрымала падзяку.
– Вольга Мікалаеўна, напярэдадні прафесійнага свята – Дня бібліятэк – вы маеце магчымасць звярнуцца да чытачоў, да ўсіх, хто паважае кнігу.
– Паважаныя нашы сябры! Мы заўсёды чакаем вас! Мы вас любім і шануем, мы жадаем вам здароўя і спадзяемся на доўгае супрацоўніцтва.
– А мы ад імя рэдакцыі і чытачоў раённай газеты, ад імя чытачоў друкаваных і электронных кніг віншуем усіх бібліятэчных работнікаў раёна з прафесійным святам. Зычым поспехаў ва ўсіх справах, а бібліятэкам – доўгага плённага жыцця, шчырага чытальніцкага інтарэсу, новых літаратурных шэдэўраў.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №72 ад 15.09.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *