3025 гектаров занимает кукуруза в Шумилинском районе

Главное Сельское хозяйство


Кукурузны «лес» у прычэп палез

Сёлета на палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна расце 3025 гектараў кукурузы. У гаспадарках вядзецца яе актыўная ўборка. Ужо ўбрана на сілас 710 га (23,5%).

Наталля Волкава з механізатарамі Сяргеем Гоманавым і Дзмітрыем Буржынскім.

– Спяшаліся хутчэй закончыць уборку зернебабовых, каб корма-ўборачны камбайн пусціць на кукурузныя палеткі, – кажа галоўны аграном УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Дзмітрый Лазука (гаспадарка адной з першых у раёне прыступіла да ўборкі «каралевы палёў»). – Па вопыце мінулых гадоў ведаем: калі замарудзіш, то пасля дажджоў на нізкія палеткі не заедзеш.
Да дажджоў на мінулым тыдні механізатары райагасэрвісу паспелі ўбраць кукурузу ва ўрочышчах Красналукі, Дзюбянка, каля Светласельскага. Кукурузнае поле за былым хлебзаводам сустрэла гулам кормаўборачнага камбайна. Здалёк здавалася: кукуруза стаіць нібыта лес. Высокая, з тоўстым сцяблом, шырокімі лістамі. Па полі плыў КВК, і зялёная маса моцным патокам лілася ў МАЗ, што рухаўся побач.
– Сёлета ўраджай лепшы, чым у мінулым годзе, – кажа механізатар Сяргей Гоманаў. – На гэтым полі добрыя 250 цэнтнераў з гектара будзе. Угадалі з насеннем гатунку «краснадарскі»: ён устойлівы да засухі і халадоў.
Сяргей Гоманаў, як і заўсёды, на ўборцы кукурузы ў перадавіках: за дзень ад ягонага КВК адвозяць больш за 400 тон. Па дзесяць рэйсаў, а то і больш, робіць на МАЗе да сіласнай траншэі ў Светласельскім вадзіцель Дзмітрый Буржынскі.
– Зараз у гаспадарках прыпар восеньскіх работ, – кажа брыгадзір Наталля Волкава, якую сустракаем на полі. – Нагрузка на тэхніку, механізатараў і вадзіцеляў каласальная. Кожны работнік у нас на вагу золата. Усе стараюцца, разумеюць адказнасць даручанай справы. Якасныя кармы – гэта асноўнае для стойлавага перыяду. Будзе кукурузны сілас – будзе малако, у гаспадарцы будуць грошы.
Па тэмпах уборкі кукурузы райаграсэрвіс у раёне ў тройцы лідараў. З патрэбных 274 гектараў убралі 121 га (44,3% да патрэбнага).
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў 75 ад 25.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *