Что такое вишинг и как не попасться на удочку киберпреступникам – читайте тут

Общество Происшествия

Не стань ахвярай кіберзлачынцаў

У апошні час у Віцебскай вобласці пачасціліся выпадкі крадзяжоў грашовых сродкаў з выкарыстаннем плацежных банкаўскіх карт і сацыяльных сетак.

За 8 месяцаў бягучага года ў вобласці следчымі распачаты 878 крымінальных спраў (за 8 месяцаў 2019 года – 474) па арт. 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і 194 крымінальныя справы (у 2019 годзе – 152) па арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі).

Вішынг – форма махлярства, калі злодзеі, выкарыстоўваючы тэлефон, прадстаўляюцца, напрыклад, супрацоўнікамі банка, і на розных падставах выманьваюць персанальныя дадзеныя плацежных банкаўскіх карт, каб выкрасці грашовыя сродкі.
Яшчэ адным спосабам завалодання рэквізітамі плацежных банкаўскіх карт з’яўляецца фішынг – ашуканцы рассылаюць людзям электронныя паведамленні, у якіх змяшчаецца спасылка на сайт, вонкава падобны на сапраўдны. Пасля таго як карыстальнік трапляе на падробленую старонку, ашуканцы змушаюць яго ўвесці на ёй свае логін і пароль доступу, што дазваляе ім атрымаць доступ да акаўнтаў і банкаўскіх рахункаў.
Так, 11 верасня бягучага года жыхарка Віцебска зайшла на падроблены сайт інтэрнэт-банкінгу, дзе ўвяла дадзеныя і паролі сваёй банкаўскай карты. У выніку ў жанчыны з карты выкралі ўсе грашовыя сродкі, якія знаходзіліся на ёй, – больш за 360 рублёў. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
3 верасня 2020 года ашуканцы патэлефанавалі віцябляніну на мабільны тэлефон і прадставіліся супрацоўнікамі банка. У ходзе размовы мужчына распавёў ім, якому банку належыць карта і даў рэквізіты, тэрмін дзеяння і СVV-код сваёй банкаўскай карты. У выніку з карты пацярпелага было вы-крадзена амаль 100 рублёў. Узбуджаная крымінальная справа.
Да старонкі дзяўчыны ў сацыяльнай сетцы ашуканцы атрымалі доступ і ажыццяўлялі перапіску ад яе імя з мэтай завалодання грашовымі сродкамі. Знаёмая ўладальніцы старонкі ўбачыла паведамленні з просьбамі аказання дапамогі і не пераканаўшыся, што іх піша менавіта яе сяброўка, прадаставіла рэквізіты сваёй банкаўскай карты. У выніку з карты выкралі грашовыя сродкі. Па дадзеным факце распачаты крымінальныя справы.
Такіх прыкладаў здзяйснення кіберзлачынстваў у Віцебскай вобласці можна прыводзіць вельмі шмат, бо злодзеі прыдумваюць розныя спосабы крадзяжоў грашовых сродкаў, а грамадзяне ў многіх выпадках праяўляюць залішнюю даверлівасць і няўважлівасць.
Каб зберагчы сябе ад кіберзлачынцаў, следчыя рэкамендуюць:
– калі вам прыйшло паведамленне пра тое, што вы выйгралі прыз, удзельнічаючы ў конкурсе (але вы не ўдзельнічалі ні ў якім конкурсе), – не пераходзьце па няпэўных спасылках, не давайце свае логін і пароль ад персанальных старонак у сацыяльных сетках;
– калі да вас у сацыяльных сетках са старонак вашых знаёмых звярнуліся з дапамогай аб пераводзе грашовых сродкаў з выкарыстаннем вашай плацежнай банкаўскай карты – будзьце ўважлівыя! Першапачаткова пераканайцеся, што ваш знаёмы сапраўды мае патрэбу ў дапамозе (патэлефануйце гэтаму чалавеку, задайце яму такое пытанне, адказ на які будзеце ведаць толькі вы). Гэтыя дзеянні неабходныя для таго, каб пераканацца, што акаўнт (старонка) вашага знаёмага чалавека не ўзламаны, і ён сапраўды мае патрэбу ў дапамозе;
– калі знайшлі банкаўскую картку, то не выкладвайце яе фатаздымак з рэквізітамі ў сацыяльных сетках, а аднясіце ў банк;
– не паведамляйце пін-коды ад банкаўскіх карт трэцім асобам;
– паспрабуйце не выкарыстоўваць WI-FI у грамадскіх месцах для ўваходу ў дадатак інтэрнэт-банкінгу і аплаты якіх-небудзь паслуг у сетцы інтэрнэт;
– калі вам прыйшло паведамленне пра неабходнасць выплаты штрафу за прагляд якога-небудзь відэафайла або сайта ад імя праваахоўных органаў, то першапачаткова звярніцеся ў праваахоўныя органы і ўдакладніце, ці сапраўды гэта так;
– выкарыстоўвайце складаныя паролі і не захоўвайце іх у браўзерах;
– не пераходзьце па падазроных спасылках і не адкрывайце падазроныя лісты і ўкладанні да іх;
– не перадавайце дадзеныя банкаўскай карты, у тым ліку ў ходзе перапіскі ў інтэрнэце або па тэлефоне асобам, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка. У сапраўдных супрацоўнікаў банка няма неабходнасці тэлефанаваць вам з просьбай зверыць дадзеныя і паролі вашых плацежных банкаўскіх карт;
– ажыццяўляйце аплату ў інтэрнэце толькі на правераных рэсурсах.

Следчыя заклікаюць грамадзян да пільнасці і абачлівасці! Падзяліцеся гэтай інфармацыяй са сваімі сябрамі, роднымі і блізкімі.
Яўген ІВАНОЎ,
начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Апублікавана ў №76 ад 29.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *