На сцэне – Ганна Каламіец

Культура

На сцэне – Ганна Каламіец

Выйсці на сцэну – патрэбна смеласць, прачытаць са сцэны верш ці спець песню – патрэбна ўменне, завалодаць увагай публікі, яе прызнаннем – патрэбна майстэрства.


Такім майстэрствам валодае Ганна Каламіец, якую апошнім часам мы ўсё часцей бачым у ролі вядучай на розных раённых мерапрыемствах. Яркая, харызматычная, яна ўмее адразу ўстанавіць кантакт з гледачамі – дарослымі, падлеткамі, дзецьмі.
Ганна Каламіец працуе загадчыкам ад-дзела народнай творчасці Шумілінскага раённага цэнтра культуры. У прафесіі шосты год. Спачатку спрабавала сябе ў бібліятэкарскай справе, потым перайшла ў цэнтр культуры.
– Упершыню на сцэну ў якасці вядучай выйшла ў 17 год, – расказвае Ганна. – А ў тым, што гэта сапраўды мая справа, пераканалася ў мінулым годзе пасля перамогі ў абласным конкурсе на лепшага вядучага дыскатэчнай праграмы. Тады я зразумела, што амплуа вядучай – для мяне.
– Аднак вядучаму трэба быць гатовым і да таго, калі раптам нешта пойдзе не па сцэнарыі. Памятаю, як падчас раённага конкурсу на званне лепшага настаўніка года ў адной з удзельніц не адкрылася відэасуправаджэнне, як яна разгубілася, а тут – вы, падтрымалі, пажартавалі, адным словам, выратавалі сітуацыю.
– Так, даводзіцца быць гатовай да экспромта. Але гэта цікава. Гэта дазваляе стаць не толькі над сітуацыяй, але і над сабой, адкрыць для сябе новыя магчымасці.
– Магчымасці нам пастаянна прапануе жыццё. І самі мы па-вінны не баяцца пашыраць свае гарызонты. Вы ж не пабаяліся ўзяцца за работу над сцэнарыямі і былі ацэнены сваімі калегамі як паспяховы крэатыўны аўтар.
– Прыемна чуць такое і важна адзначыць, што тут проста неацэнна падтрымка калег. Дарэчы, пра магчымасці. Неўзабаве я думаю паспрабаваць сябе на новай пасадзе, але пакуль што не буду адкрываць, на якой.
– Якія бонусы чакаеце ад гэтага кроку? Большую зарплату? Ці большы прастор для творчасці?
– У зарплаце, на жаль, я не выйграю, а вось прастор для творчасці, сапраўды, бачыцца шырэй і менш папяровай работы. І наогул, я люблю ад-крываць для сябе новае, гэта натхняе і развівае.
– У работніка культуры, як і ў іншых прадстаўнікоў творчых прафесій, рабочы дзень не абмяжоўваецца рамкамі ад 8 да 17. Мозг працягвае працаваць над пошукам трапных слоў і сюжэтаў і па-за гэтымі рамкамі. У які час сутак ваш мозг найбольш прадуктыўны?
– О, я сава. Мне лепш думаецца ўвечары і нават ноччу. Менавіта ў гэты час знаходзяцца самыя ўдалыя рашэнні.
– Родных гэта не крыўдзіць?
– Не, я жыву з сынам, і ў нас абсалютнае ўзаемаразуменне. Яму 8 год, і ён лічыць сябе ўжо дастаткова дарослым. І калі раніцай мне яшчэ хочацца крыху паспаць, ён ціхенька падыдзе, паправіць коўдру і скажа: «Спі, мамачка, я займуся справамі».
– Як утульна вы расказваеце, Ганна. Як вы думаеце, чаму мы ў першую чаргу павінны навучыць нашых дзяцей, што важна данесці да гледача?
– Важна навучыць дарыць радасць і дабро сваім блізкім, сябрам, іншым людзям. Сустракаць кожны дзень з адкрытай душой і аптымізмам.
– З надыходзячым святам вас і ўсіх работнікаў яркай і неабходнай сферы культуры. Шчасця вам, поспехаў, новых творчых праектаў і люд-скога прызнання!
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №79 ад 09.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *