«Забава»: 25 год на крылах народнай песні

Главное Культура Новости

«Забава»: 25 год на крылах народнай песні

На здымку (злева направа): Валерый Першукевіч, Жанна Васільчанка, Таццяна Чарткова, Сняжана Усава, Вольга Сташонак і Аляксандр Петухоў.

Народны сямейны ансамбль «Забава» з Мікіціхі ў гэтым годзе святкуе сваё 25-годдзе. З чаго ўсё пачыналася, чаму ансамбль называецца сямейны, як фарміраваўся і сталеў калектыў – пра гэта і іншае гутарым з сённяшнім кіраўніком ансамбля Сняжанай Усавай, а таксама ўдзельніцай і біёграфам «Забавы» Таццянай Чартковай.


Таццяна Аляксандраўна з той музычнай сям’і, дзе ўсё і пачыналася, дзе спяваць і іграць на музычным інструменце было гэтак жа натуральна, як для кагосьці вырошчваць бульбу.
«У нашым доме заўсёды жыла музыка, – успамінае Таццяна Аляксандраўна. – Тата іграў на гармоніку і скрыпцы, мама і яе сястра спявалі, прыходзіў стрыечны брат з бубнам і лыжкамі. Яны спявалі для сябе, для суседзяў, для аднавяскоўцаў».
Сам сабой сфарміраваўся калектыў: Аляксандр і Надзея Мятла (бацькі Т. А. Чартковай), Валянціна Сташонак, Віктар Сокалаў, Жанна Васільчанка, Валянціна Царонак, Аляксандр Ярмоленка. Лагічна і гарманічна ўпісалася ў сямейны ансамбль і сама Таццяна.
Новы імпульс для росту таленавітаму сямейнаму гурту даў Сяргей Семянькоў, мастацкі кіраўнік Лаўжанскага сельскага клуба, выпускнік Наваполацкага музычнага вучылішча і Мінскага інстытута культуры. Ён і стаў першым кіраўніком ансамбля «Забава». Праўда, назва прыйшла пазней, а спачатку была вялікая работа над рэпертуарам, папаўненнем калектыву, былі бясконцыя індывідуальныя заняткі і агульныя рэпетыцыі, харэаграфічныя пастаноўкі.
І звонкая народная песня, падтрыманая залівістым гармонікам (на ім іграў і Сяргей Семянькоў), тонкай душэўнасцю скрыпкі і флейты (нейкі час на гэтым інструменце выступалі Віталь Чарткоў і Ілья Карбоўскі), акцэнтным гучаннем бубна, зайграла ўсімі меладычнымі фарбамі і прывяла да прысваення сямейнаму ансамблю «Забава» звання «народны». Абласная камісія пры прысваенні гэтага звання заўважыла, што падобных калектываў няма ў вобласці, ды і ў рэспубліцы – адзінкі.
Поспех дадае натхнення і жадання працаваць далей, а таксама адказнасці. Калектыў мацаваўся новымі творчымі праграмамі, новымі людзьмі. Тут былі ўжо не толькі сваякі, тым не менш родныя па духу. Па любові да песні людзі.
«Забаву» ўсё часцей запрашаюць на розныя мерапрыемствы, яна становіцца ўдзельнікам многіх раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў. І не толькі ўдзельнікам, але і пераможцам.
У сямейным архіве Таццяны Чартковай (а ён заслугоўвае асаблівай павагі) беражліва захоўваюцца шматлікія граматы, дыпломы, газетныя выразкі.

Вось той самы дакумент аб прысваенні калектыву звання «народны», датаваны 26 студзеня 1995 года . У ім адзначана, што дыплом і званне «Забава» атрымала за творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць.

Тут жа мы бачым афішу народнага сямейнага ансамбля, на якой фатограф (магчыма, і наш Віктар Палісадзін) адлюстраваў Віктара Сокалава, Сяргея Семянькова, Аляксандра Мятлу (першы рад злева направа), Вольгу Сташонак, Валянціну Церанок, Аляксандра Ярмоленку, Таццяну Чарткову і Жанну Васільчанку.
У сямейным архіве можна знайсці пацвярджэнне многім перамогам «Забавы». У тым ліку і на рэспубліканскіх фестывалях сямейнай народнай творчасці «Беларусь – мая песня», «Сунічныя бары».
У 2000 годзе Сяргея Семянькова на пасадзе музычнага кіраўніка «Забавы» змяніў Аляксандр Петухоў, які многа зрабіў для далейшага развіцця і папулярызацыі калектыву. Ён і сёння ў калектыве, толькі ўжо за хармайстара, а кіраўніком з 2017 года працуе Сняжана Усава. У складзе калектыву па-ранейшаму Таццяна Чарткова, Вольга Сташонак, Жанна Васільчанка, а таксама Галіна і Юлія Карбоўскія, Марына Дышко. Акампаніятарам зараз паспяхова працуе Валерый Першукевіч.
Музычны карабель з немудрагелістай назвай аказаўся лёгкім і адначасова стойкім на хвалях часу і ўпэўнена даплыў да сённяшняга дня, як і 25 год таму радуючы гледачоў душэўнай народнай песняй. Сёння ў рэпертуары «Забавы» больш за сто песень – беларускіх, рускіх, украінскіх. Адну з іх сёння калектыў праспявае на раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў культуры, і абавязкова атрымае апладысменты і шчырую ўдзячнасць за творчасць. А што яшчэ трэба для далейшых поспехаў і душэўнай радасці?
З юбілеем, «Забава»!
Аліна ПЯТРОВА.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Таццяны ЧАРТКОВАЙ.
Апублікавана ў №79 ад 09.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *