Коляда: как встречать, чем угощать

Актуалии Духоўнае

КАЛЯДА: як сустракаць, чым частаваць?
Само слова «каляды» мае паходжанне ад лацінскага calendae, «календы» — назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і «каляндар»), а так сама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы.
Нельга не узгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя, карову, казу, каня, бусла) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Гаспадары ж, якіх яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека баством, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі ўскруг іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае.
Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. Пераапрананне ў маскі мела не толькі рэлігійнае значэнне, але і псіхалагічнае. Чалавек, апрануўшы маску, ужо лічыўся быццам не самім сабою, і мог дазволіць сабе шмат больш, чым прыпісвалі строгія парадкі, асабліва ў часы хрысціянства.
Калядка
На нова лета радзi, Божа, жыта,
Шчодры вячор, багаты вячор,
Жыта пшанiца, усякая пашнiца,
Шчодры вячор, багаты вячор,
Дай табе Божа, пане-гаспадару,
Шчодры вячор, багаты вячор,
Пiва варыці, сынкоў жанiці,
Шчодры вячор, багаты вячор,
Гарэлiцу гнацi, дачок выдавацi,
Шчодры вячор, багаты вячор,
Залезь на баляску i дастань каўбаску!
Шчодры вячор, багаты вячор,
Стань на драбiнку i дастань саланiнку!
Шчодры вячор, багаты вячор,
Кошычак маку да таго прысмаку.
Шчодры вячор, багаты вячор,
Збаночак мёду нам на асалоду.
Шчодры вячор, багаты вячор.

Надрукавана ў №2 ад 06.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *