Работники культуры Шумилинского района заслужили праздник

Культура Общество

Запаліць сэрцы – вялікае прызванне

У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначылі людзі, якія прадстаўляюць культуру, шануюць традыцыі, талент і мастацтва, робяць наша жыццё больш радасным, яркім і эмацыянальным.


Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў мінулую пятніцу ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў, падчас якога віноўнікі ўрачыстасці прымалі віншаванні і заслужаныя ўзнагароды. У актавай зале сабраліся майстры сцэны, музычныя работнікі, выкладчыкі, бібліятэкары, музейныя работнікі, рамеснікі, кіраўнікі народных творчых і сама-дзейных калектываў, шаноўныя госці.

Прыміце віншаванні і ўзнагароды
Першай павіншаваць работнікаў культуры з прафесійным святам на сцэну паднялася намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна адзначыла, што быць культработнікам – гэта хутчэй не прафесія, а прызванне. І працаваць у гэтай сферы вельмі няпроста.

Практычна не маючы выхадных і святаў, работнікі культуры далучаюць людзей да цудоўнага, арганізоўваюць вольны час гараджан і вяскоўцаў, захоўваюць народныя традыцыі, гістарычную і культурную спадчыну, праслаўляюць раён. І што самае галоўнае – робяць гэта годна, творча, з самааддачай.
Сёлета склаўся няпросты год у сувязі з пандэміяй, але работнікі культуры спакойна, якасна і граматна рабілі і робяць сваю справу. І для многіх іх мерапрыемствы сталі, вобразна кажучы, лекамі ад вірусаў.

Ірына Іванаўна пажадала ўсім здароўя, творчасці, прызнання, сямейнага шчасця і ўручыла Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта Насыр Галіне Фёдараўне, настаўніку па класе домры Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў – за прафесіяналізм у рабоце, бездакорную шматгадовую працу, плённы ўклад па музычным выхаванні падрастаючага пакалення, высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці і адказнасці.

Падзяку старшыні райвыканкама атрымала Барабанава Кацярына Мікалаеўна, кіраўнік узорнага лялечнага тэатра «Батлейка» Шумілінскага раённага Дома рамёстваў – за асабісты ўклад у папулярызацыю беларускай народнай творчасці, дасягненні высокіх вынікаў дзейнасці ўстановы, наватарства ў стварэнні высокамастацкіх вырабаў і ў сувязі з прафесійным святам.
З цёплымі словамі віншаванняў, шчырай удзячнасці за работу, пажаданнямі здароўя, творчых ідэй і натхнення звярнуўся да прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў. Андрэй Уладзіміравіч таксама ўручыў лепшым прадстаўнікам галіны культуры раёна граматы аддзела.
Завітала на свята старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Людміла Шаўцова, каб таксама павіншаваць са святам, падзякаваць за цеснае супрацоўніцтва, разуменне і падтрымку і ўручыць падзячныя лісты за арганізацыю і правядзенне ў Обалі абласнога злёту юных пасланнікаў міру.

«Оскар» па-шумілінску
Стала добрай традыцыяй у работнікаў культуры падчас святкавання прафесійнага свята агучваць лепшых у сваёй сферы дзейнасці, хто на працягу года асабліва вызначыўся, прадэманстраваў высокія дасягненні.
Так, сёлета намінантамі сталі:
«Лепшы клубны работнік 2020 года» – Бурлакова Крысціна, загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі і падлеткамі Шумілінскага РЦК;
«Лепшы майстар» – Сцержанкова Наталля, майстар-метадыст па саломапляценні Дома рамёстваў;
«Лепшы работнік музея» – Цэрах Таццяна, галоўны захавальнік фондаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея;
«Лепшы бібліятэчны работнік» – Алёшкіна Вольга, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі;
«Лепшы настаўнік года» – Загнетава Анжэла, настаўнік па класе фартэпіяна Обальскай дзіцячай школы мастацтваў;
«Іншая прафесія ў сферы культуры» – Васільеў Віктар, вадзіцель бібліёбуса Шумілінскай ЦБС;
«Лепшы ўдзельнік (калектыў) мастацкай творчасці» – тэатральны калектыў “Дзеці сцэны” (кір. Таццяна Партная) Обальскага ГДК.
Віншаванні калегам са святам адрасавала старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сініцкая, якая ўручыла граматы абкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму настаўніку па класе баяна ДШМ Святлане Чартковай і метадысту ЦБС Таццяне Іваноўскай.

З юбілеем, «Забава»!
25 год таму народная песня аб’яднала ўдзельнікаў сямейнай мастацкай творчасці ў ансамбль «Забава». І сёння яго артысты працягваюць захоўваць сямейныя традыцыі, прымушаюць гледачоў радавацца, марыць, любіць жыццё і беларускую песню. «Забава» і ў гэты дзень парадавала сваім выступленнем, пасля чаго атрымала ад калег шчырыя апладысменты, віншаванні, граматы аддзела, падарункі і пажаданні творчага даўгалецця.

Крочце ўперад смела!
У сваю вялікую творчую сям’ю культработнікі прынялі ў гэты дзень маладых спецыялістаў – загадчыка Обальскага музея камсамольскага падполля Юрыя Хаданёнка, настаўніка па класе баяна ДШМ Васіля Скорынава, рэжысёра Шумілінскага РЦК Георгія Нуждзіна, уручыўшы ім сімвалічныя сэрцы. Яны абавязкова напоўняць іх маладым задорам, прагай ведаў і яркімі падзеямі.
Завяршыліся ўрачыстасці песняй «Мы яшчэ спяём» у выкананні Ірыны Салаўёвай і ўсіх удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, якія ў гэты дзень дарылі са сцэны свой талент і часцічку сваёй душы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 80 ад 13.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *