У водителей Шумилинской районной больницы два профессиональных праздника – День медика и День автомобилиста

Здоровье Общество

Ад іх паспешлівасці залежаць жыцці

Без аўтамабіляў сёння немагчыма ўявіць жыццё. Яны працуюць ва ўсіх сферах эканомікі, без іх немагчыма сучаснае жыццё. Сваё прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста – адзначае ў нядзелю і вадзіцельскі калектыў райбальніцы. Работа гэтых вадзіцеляў важная і патрэбная, бо ад іх паспешлівасці часам залежыць чалавечае жыццё.

Дружны калектыў вадзіцеляў Шумілінскай ЦРБ.

У райбальніцы працуюць вадзіцелі паліклінічнай службы і «хуткай дапамогі». «Калектыў дружны і стабільны, цякучасці кадраў няма, – кажа галоўны ўрач Вольга Скарабагатая. – Многія вадзіцелі працуюць па 30 гадоў. Напэўна, на карце раёна не знойдзеш такога населенага пункта, куды б хоць аднойчы не прыязджалі нашы вадзіцелі. Сярод самых вопытных – Валерый Елавецкі, Аляксандр Ляпнёў, Леанід Вараб’ёў, Анатоль Красоўскі, Мікалай Іваноў і многія іншыя. Яны прафесіяналы сваёй справы, упэўнена кіруюць аўтамабілем у розных дарожных умовах, валодаюць высокім майстэрствам ваджэння, добра арыентуюцца ў розных населеных пунктах раёна, умеюць адрамантаваць аўтамабіль, валодаюць навыкамі аказання меддапамогі. Мы ганарымся нашымі вадзіцелямі – яны адказныя і сумленныя і гатовы падставіць мужчынскае плячо медработнікам. Загадзя пахвалюся, што неўзабаве райбальніца атрымае дзве новыя машыны “хуткай дапамогі”».
Самі вадзіцелі расказалі, што іх калектыў згуртаваны, кожны тут адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Вадзіцелі паліклінічнай службы возяць урачоў на выклікі. У абавязкі вадзіцеляў «хуткай дапамогі» ўваходзіць транспарціроўка хворага ў бальніцу. Бываюць выпадкі, калі хворага прыходзіцца разам з фельчарам выносіць на насілках. Ну, а як хутка чалавек будзе дастаўлены ў бальніцу – гэта залежыць ад вадзіцеля, на якім таксама ляжыць адказнасць за здароўе і жыццё хворага. Бывала, што і дзеці нараджаліся ў машыне «хуткай дапамогі». «Змены ў нас бываюць розныя, – кажа вадзіцель Валерый Елавецкі. – Ніколі не ўгадаеш, як часта прыйдзецца выязджаць. Паўдня, напрыклад, можа прайсці спакойна, а потым пачнецца такі вал выклікаў, што з-за руля і не вылазіш. Пачасціліся выклікі, калі пачалася каранавірусная інфекцыя. На выезды з падазрэннем на пнеўманію апранаем супрацьчумныя касцюмы, ездзім у масках. Замяняем адзін аднаго, працуем, як кажуць, адзіным дружным фронтам. Карыстаючыся выпадкам, хочацца павіншаваць з наступаючым святам усіх вадзіцеляў нашага раёна і сказаць усім дзякуй за разуменне: калі едзе «хуткая дапамога», усе ўступаюць дарогу».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №83 ад 23.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *