У Шумілінскім раёне прайшлі сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама з працоўнымі калектывамі

Общество Президент

Абмеркавалі жыццёвыя пытанні

На мінулым тыдні ў рамках адзінага дня інфармавання прайшлі сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама з працоўнымі калектывамі раёна.

Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў сустрэўся з калектывам Шумілінскай СШ №1.

У шчырай, адкрытай размове кіраўнік раёна закрануў сацыяльна-палітычныя тэмы, якія знаходзяцца на вастрыні жыцця, падкрэсліў, што праблемы трэба вырашаць мірным шляхам у спакойнай абстаноўцы. Радыкалізацыя пратэстаў не можа прывесці да добрых вынікаў, адзначыў старшыня райвыканкама. Менавіта стабільнасць у грамадстве гарантуе паступовае развіццё краіны. Тым больш, што зараз ідзе падрыхтоўка змяненняў у Канстытуцыю, якія адказваюць на патрабаванні сучаснасці і грамадства.
Была закранута тэма пандэміі каранавірусу, дарэчы, пераважная большасць работнікаў школы была на сустрэчы ў масках. Старшыня райвыканкама адзначыў, што назіраецца надыход другой хвалі, але ў раёне сітуацыя кіруемая і знаходзіцца пад пастаянным кантролем медыцынскіх службаў і кіраўніцтва.
Не мог Віктар Гутараў абысці тэму абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2021», да якога ў раёне ўжо разгарнулася падрыхтоўка. Шумілінская СШ №1 з’яўляецца адным з галоўных аб’ектаў. Сёлета на рамонт ужо выдаткавалі 1,5 мільёна рублёў, патрэбны 0,5 мільёна, каб завяршыць рамонт спартыўнай і актавай залаў і харчаблока. На наступны год завяршыцца поўнасцю рамонт школы, яна атрымае не толькі прыгожы знешні выгляд, адрамантаваныя памяшканні, але і поўнасцю новае, сучаснае абсталяванне ў кожным кабінеце, каб адпавядаць званню «школа будучага». І сродкі на рамонт будуць знойдзены ў поўным аб’ёме, заўважыў кіраўнік раёна.
Віктар Гутараў адказаў на пытанні работнікаў установы адукацыі пра планы па падрыхтоўцы да «Дажынак», пра выкарыстанне аб’ектаў, якія зараз не выкарыстоўваюцца, і іншыя.

* * *
Інфармацыйная група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай сустрэлася з калектывам Обальскай школы.

Па галоўных тэмах адзінага дня інфармавання выступіла Ірына Мікалаеўна. Яна расказала, як у нашым раёне ідзе абмеркаванне па ўнясенні паправак у Канстытуцыю. Па словах старшыні райсавета, актыўна ўключыліся ў работу дэпутацкі корпус, грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі, наладжаны шматлікія сустрэчы ў калектывах. Такім чынам шумілінцы праяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Асобная тэма была адведзена другой хвалі пандэміі каранавірусу, якая прыйшла і ў наш раён. У сувязі з гэтым рэкамендавана абавязковае нашэнне медыцынскіх масак у месцах масавага знаходжання, апрацоўка рук антысептыкамі, сацыяльнае дыстанцыраванне.
Галоўны інжынер УП ЖКГ Максім Русецкі, які ўваходзіць у склад групы, расказаў пра першачарговыя задачы камунальнай службы. У сваю чаргу ад удзельнікаў сустрэчы яму паступіла скарга наконт падагрэву вады на верхніх паверхах дамоў і просьба прыняць меры па ўхіленні праблемы. Каб дачакацца гарачай вады, абальчанам верхніх паверхаў шматпавярховак прыходзіцца зліваць шмат кубоў вады. А пасля, адпаведна, плаціць за яе, а ў дадатак і за каналізацыю. Немалыя сумы набягаюць, абураліся жыхары Обалі.
З рэкамендацыяй часцей мяняць паролі на сваіх камп’ютарах, каб не трапіць у рукі махляроў, звярнуўся да калектыву школы начальнік участка электрасувязі РУП «Белтэлекам» Юрый Маскалькоў. Расказаў ён таксама і пра магчымасць абучацца бяспечнай рабоце ў сеці Інтэрнэт, якую прапануе Белтэлекам, і пра магчымасць абараніць сваю маёмасць шляхам устаноўкі відэакамер.
Пытанням пажарнай бяспекі прысвяціў сваё выступленне намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў. У прыватнасці, ён агучыў сітуацыю з пажарамі, нагадаў пра падрыхтоўку пячнога ацяплення да зімы і правілы карыстання электрапрыборамі.
Пасля афіцыйнай часткі ў кожнага была магчымасць задаць асабістае пытанне члену інфармацыйна-прапагандысцкай групы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №83 ад 23.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *