Рождественская ярмарка прошла в Шумилино 7 января

Актуалии Общество

Завітала Каляда ў Шуміліна на кірмаш
Сёлета святочная калядная праграма выйшла са сцен Дома культуры ў парк да навагодняй елкі. Тут 7 студзеня разгарнуўся калядны кірмаш. Арганізацыі свята на свежым паветры спрыяла і надвор’е – сапраўднае каляднае, сонечнае з лёгкім марозам.
Сваю прадукцыю жыхарам і гасцям Шуміліна прапанавалі гандлёвыя прадпрыемствы ўсіх форм уласнасці, служба бытавога абслугоўвання, сельскагаспадарчыя, прамысловыя і будаўнічыя прадпрыемствы раёна, адукацыйныя і культурныя ўстановы. Асартымент, які яны прапаноўвалі, быў даволі шырокі. Пакупнікі куплялі шашлыкі і каўбасы, торты і караваі, цукеркі і фрукты. Частаваліся традыцыйнай поліўкай ад райспажыўтаварыства і беларускімі народнымі прысмакамі ад “Разынкі”.
Прыглядаліся шумілінцы да льняных вырабаў, якія прапаноўваў льнозавод, бралі швейныя вырабы КУП БАН, кераміку ОКЗ, сувеніры з саломкі і дрэва Цэнтра дзяцей і моладзі. Гаспадары прыцэньваліся да будаўнічых матэрыялаў і сталярных вырабаў ад ПМК-70, дроў ад УП ЖКГ. “З лёту” разышлося мяса з ААТ “Лаўжанскае”. Каля некаторых прылаўкаў чэргі не знікалі на працягу ўсяго кірмашу. А вось збожжа, якое прывезлі большасць сельгаспрадпрыемстваў, узімку папулярнасцю не карысталася.
Работнікі культуры, апранутыя ў яркія калядныя і навагоднія касцюмы, стварылі для гледачоў вялікую канцэртную і забаўляльную праграму: музыка, песні, шматлікія конкурсы стваралі атмасферу свята. З эстрады гучалі калядныя і народныя песні, эстрадныя шлягеры і частушкі. Любімыя і папулярныя шумілінскія артысты і калектывы дарылі прысутным добры настрой. Да месца былі арэлі і каруселі, розныя конкурсы і латарэі. Яны асаблівай папулярнасцю карысталіся ў дзятвы, якой было ў парку даволі многа.
За актыўны удзел у кірмашы раённая камісія па арганізацыі і правя-дзенні кірмашу на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным адзначала райспажыўтаварыства, “Нарэк-гандаль”, “Карына-гандаль”, ААТ “Лаўжанскае” і “Ляжні”, СФГ “Крыніца”, КУП БАН, народны клуб “Разынка”, дзіцячыя сады №1 і №3, Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Дыпломы прадстаўнікам арганізацый уручыў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Відаць па ўсім, калядны кірмаш стане традыцыйным і папулярным ў нашым раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.1012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *