У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы рэпрадукцый ікон і жывапісных работ «Усё яго вучэнне – жыццё», прысвечаных прападобнаму Сергію Раданежскаму

Духоўнае Культура Новости

«Усё яго вучэнне – жыццё»

На мінулым тыдні ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы рэпрадукцый ікон і жывапісных работ «Усё яго вучэнне – жыццё», прысвечаных прападобнаму Сергію Раданежскаму.

Выстава арганізавана пры садзейнічанні культурна-інфармацыйнага цэнтра «Скарбы свету» (г. Віцебск) Віцебскага аддзялення РГА «Рускае таварыства пры пасольстве Расіі ў Беларусі». Па словах арганізатараў, шумілінцам першым пашчасціла пазнаёміцца з выставай.
У сваёй творчасці да вобраза прападобнага Сергія Раданежскага, вялікага рускага святога і цудатворцы, звярталіся многія мастакі, імкнучыся ўвасобіць на сваіх палотнах духоўны веліч асобы, расказаць нашчадкам пра яго веру і любоў да Айчыны. І работ хопіць на некалькі вялікіх залаў.

У выставе прастаўлены найбольш яркія работы вядомых мастакоў Андрэя Рублёва, Мікалая Рэрыха, Аляксандра Просцева, Ільі Глазунова, Сяргея Ярошкіна, Наталлі Клімавай, Міхаіла Несцерава, іншых.
«Няма нічога больш цяжкага, чым гаварыць пра святых простаму чалавеку, – пачала размову намеснік старшыні Віцебскага аддзялення «Рускага таварыства пры пасольстве Расіі ў Беларусі» Валянціна Маісеенка, знаёмячы прысутных з біяграфіяй Сергія Раданежскага і яго духоўнай спадчынай. – Гэты чалавек увабраў у сабе лепшыя чалавечыя якасці – выключную працавітасць, сумленнасць, любоў да жыцця, працу ў імя бліжняга. Ён таксама быў хлопцам, таксама вучыўся ў школе, меў праблемы з граматай, але глыбокая вера і жаданне працаваць над сабой зрабіла яго вялікім падзвіжнікам. Яго ўчынкі і жыццё – яркі прыклад нам, простым, як следаваць запаветам Хрыста, як трэба адносіцца да сябе, да людзей, да свету».

Хочацца сказаць, што арганізатарам выставы кожны раз удаецца зрабіць сустрэчу эмацыянальнай, інфармацыйна і духоўна насычанай. На гэты раз у госці да шумілінцаў на адкрыццё выставы прыехалі ўдзельнікі вядомага ў абласным цэнтры гурта «Каўчэг» – дыякан Свята-Георгіеўскага храма г. Віцебска Аляксандр Іваноў і Святлана Кім, а таксама дырэктар нядзельнай школы гэтага храма Любоў Курневіч. Выступленне гурта ўдала афарбавала мерапрыемства, надало яму светлай узнёсласці і адчуванне радасці. Вось што сказалі ўдзельнікі сустрэчы:

Таццяна КАРНІЛОВІЧ: «Я атрымала незабыўныя ўражанні ад мерапрыемства. Вялікі дзякуй арганізатарам за гэта. Мой вечар склаўся самым лепшым чынам, напоўніўся святлом і радасцю і жаданнем быць лепш».
Святлана АРХІПАВА: «Узбагацілася духоўна. Шмат фактаў пра жыццёвы подзвіг прападобнага Сергія Раданежскага я даведалася ўпершыню! Абстаноўка душэўная!»

Выстава будзе працаваць да 31 снежня. Не ўпусціце шанс адкрыць для сябе асобу прападобнага Сергія Раданежскага, адчуць і асэнсаваць яго духоўны подзвіг.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №94 ад 01.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *