Выпускники Шумилинской СШ №2 вместе с аттестатом получают и профессию

Главное Молодёжь Образование

Атэстат + прафесія

Выходзіць выпускнік са школы з атэстатам, а разам з ім трымае ў руках пасведчанне аб набыцці прафесіі. Згадзіцеся, нядрэнны пачатак самастойнага жыцця. І гэта мы не пра той час, калі працавалі вучэбна-вытворчыя камбінаты і дзеці атрымлівалі прафесіі вадзіцеля, выхавальніка ці швачкі. Мы пра сённяшнія нашы рэаліі. Праўда, пакуль што гаворка не ідзе пра шырокі ўсёабдымны размах прафесійнага навучання ў школе, але пра рэальныя істотныя крокі ў гэтым накірунку раскажам.

Н. М. Спірыдонава вядзе ўрок вытворчага навучання ў дзесяцікласніц.

У Шумілінскай СШ №2 у гэтым навучальным годзе арганізавана абучэнне для вучняў 10-11 класаў па дзвюх прафесіях: «садавод» і «швачка». На авалоданне прафесійнымі навыкамі адводзіцца па шэсць гадзін на тыдзень: 3 гадзіны ў суботу і столькі ж у панядзелак. У школе створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, дзе дзеці адпрацоўваюць па 120 гадзін вытворчай практыкі.
І калі для юных садаводаў базай з’яўляецца малады школьны сад – «Сад Перамогі», у якім ужо падрастаюць 22 пладовыя дрэвы, то на абсталяванне кабінета для будучых швачак давялося патраціцца. Толькі сёлета было выкарыстана больш за 6 тысяч бюджэтных рублёў.
Больш за ўсё ўражваюць швейныя машыны ці комплекс, не ведаю, як правільна назваць, бо яны ідуць у камплекце са сталамі. Машыны абсалютна бясшумныя, з падсветкай, аўтаматычна адключаюцца, калі, напрыклад, заблыталася нітка. Адным словам, цуд, які з задавальненнем дэманструе майстар вытворчага навучання настаўнік вышэйшай катэгорыі Н. М. Спірыдонава. І гэта не ўсё, дадае Надзея Міхайлаўна, тут яшчэ будзе стол для раскрою, прымерачная, люстэрка, прафесійны прас. Зручна, што ў кожнай з вучаніц – сваё рабочае месца, свая машына. Плюс адна на ўсіх універсальная машына, якая ўмее рабіць петлі і прышываць гузікі, а таксама авярлок.
Тонкасці і нюансы рознакаляровага тканкавага свету, які дае неабсяжныя магчымасці для палёту фантазіі, стварэння новых вырабаў і фасонаў, сёння вывучаюць пяць дзяўчынак з 10 класа і восем адзінаццацікласніц.
Дзесяцікласніцы займаюцца першы год, але ўжо навучыліся працаваць на машынах, і не толькі прагнаць роўны радок, але ўжо могуць зрабіць праразныя кішэні з клапанам, з лістачкай і многае іншае. Пакуль што яны асвойваюць асобныя дэталі, а неўзабаве змогуць самастойна пашыць сукенку, жакет ці паліто. Вельмі стараюцца, і настаўніца задаволена сваімі вучаніцамі. Не ўсе дзяўчынкі яшчэ вызначыліся з будучай прафесіяй, але абсалютна ўсе перакананы, што швейнае рамяство ў іх дарослым жыцці неаднойчы са-служыць добрую службу. А вось Вікторыя Гуцанкова ўжо вырашыла пасля заканчэння школы паступаць у Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж, а потым – на трэці курс тэхнала-гічнага ўніверсітэта.
«Такая магчымасць сапраўды ёсць, – кажа Надзея Міхайлаўна. – Пасля двухгадовага абучэння вучаніцы рыхтуюць і абараняюць праекты, здаюць экзамены, прычым, камісія прыязджае з Віцебска (у мінулым годзе экзамен прымалі спецыялісты Віцебскага тэхнічнага каледжа). Пасля паспяховай здачы выпускнікі атрымліваюць 2 разрад па спецыяльнасці «швачка» і маюць права самастойна працаваць, швейнае прадпрыемства «Віцябчанка», дарэчы, ужо за-прашала нашых дзяўчат на работу. А той, хто хоча, можа вучыцца далей. У мінулым годзе дзве выпускніцы школы – Дар’я Дарафеенка і Ксенія Медзікава – паступілі (іх узялі без экзаменаў па выніках здадзенага ў школе вытворчага іспыту) у Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж, пасля якога яны атрымаюць спецыяльнасць інжынера-тэхнолага, майстра вытворчага навучання. Дзяўчаты вельмі задаволены вучобай, творчай атмасферай, магчымасцю пасля заканчэння паступаць на трэці курс тэхналагічнага».
Безумоўна, перш чым прыступіць да той ці іншай аперацыі, дзяўчынкі вывучаюць тэорыю, тэхналогію апрацоўкі вырабаў. Для гэтага ў кабінеце сабраны неабходныя плакаты, узоры і іншыя наглядныя дапаможнікі.
Варта сказаць, што такі клас прафесійнага навучання, які дае магчымасць атрымаць рэальную прафесію, у раёне адзіны. Як сюды трапляюць дзеці?
«Па заяве бацькоў, – тлумачыць дырэктар Шумілінскай СШ №2 Жанна Рагуновіч. – Наогул у нас створаны тры групы старшакласнікаў: у першай дзеці паглыблена вывучаюць рускую і англійскую мовы, а другая і трэцяя групы – садаводы і швачкі – займаюцца прафесійным навучаннем».
Жанна Іванаўна вельмі задаволена, што ўдалося абсталяваць такі цудоўны кабінет для швейнай творчасці, які пад кіраўніцтвам «спецыяліста вышэйшага пілатажу» (так яна называе Н. М. Спірыдонаву) проста створаны для поспеху.

Адзінаццацікласнікі Уладзіслаў Міляк і Мікіта Шкулаў збіраюць першы ўраджай яблыкаў у «Садзе Перамогі».

Выдатнага спецыяліста падабралі і для вядзення садаводства. Настаўнік біялогіі Крысціна Жымалоскіна ў прафесіі пяць год, яна з маладым энтузіязмам узялася за прафесійнае навучанне, знайшла паразуменне з юнакамі (у яе займаюцца 8 вучняў з 10 класа і 10 з выпускнога).
Ж. І. Рагуновіч адзначае мэтанакіраванасць і імкненне да новых ведаў сваёй былой вучаніцы (працуючы ў Ляжнях, Жанна Іванаўна была настаўніцай у Крысціны Жымалоскінай), уменне выкарыстоўваць у працэсе навучання сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
Крысціна Віктараўна змагла зацікавіць хлопцаў садаводствам – галіной, якая сёння зноў на ўздыме і патрабуе граматных талковых спецыялістаў. Такіх, да слова, сёння рыхтуе Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках.
Зразумела, што ў прафесію пойдуць адзінкі з сённяшніх навучэнцаў. Але ўменне граматна вырошчваць пладовыя-ягадныя дрэвы і кустарнікі, даглядаць іх, уплываць на ўраджай – гэта вельмі каштоўны багаж для жыцця. І ў многіх хлопцаў, думаецца, будзе свой дом, які яны абавязкова аздобяць дагледжаным квітнеючым садам.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №96 ад 08.12.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *