Школьные каникулы. Шумилинская «кругосветка» — из Суровней в Суровни через Никитиху и Оболь

Актуалии Образование

Обелиск в Оболи в память о комсомольцах-подпольщиках

З Сураўнёў праз Мікіціху-Обаль  на Роўнае…
Хто чым займаўся падчас канікулаў, а мы вырашылі наведацца ў Мікіціхінскую СШ,  Обальскі музей, а на зваротным шляху пакланіцца помнікам загінуўшым воінам і спаленым фашыстамі вёскам.
Змястоўную, цікавую экскурсію правяла для нас кіраўнік музея Мікіціхінскай СШ Кавалёва Наталля Мікалаеўна. Уразіў багаты матэрыял, асабліва цікава было разглядаць розныя старажытныя рэчы беларускага побыту. Мы зразумелі, што таксама можам папоўніць музей нашай школы, толькі трэба папрасіць нашых бабуль адшукаць старажытныя пранікі і маслабойкі.
Наведалі мы і школьную бібліятэку, камп’ютарны клас, кабінет нямецкай мовы. Спадабалася: утульна, прасторна, сучасна. Але мы не зайздросцім нашым сябрам з Мікіціхі, наша школа нам таксама падабаецца.
Вельмі цікавую экскурсію па адноўленым Обальскім музеі камсамольскага падполля правяла для нас Азоліна Нэлі Адольфаўна. Мы ўбачылі клас даваеннай школы: парты з чарнільніцамі, ручкі з пяром, падручнікі, шафу…
З фотаздымкаў на нас глядзелі героі Обальскага падполля. Маладыя, яны, не шкадуючы жыцця, абаранялі Радзіму ад фашысцкіх акупантаў. Больш дваццаці буйных дыверсій на рахунку  юных мсціўцаў. З асаблівым інтарэсам слухалі мы пра жыццё і подзвігі Зінаіды Партновай. Дарэчы, піянерская дружына нашай школы носіць яе імя.
Проста зачаравала панарама ляснога партызанскага лагера, створаная ў музеі. Расказ Нэлі Адольфаўны суправаджаўся любімай песняй партызан. Мы дакрануліся да рэчаў з хаты Фрузы Зяньковай. І кожны думаў, як бы ён паступіў, калі б на наша пакаленне выпала такое страшнае выпрабаванне… Не, і мы не скарыліся б ворагу…
Вярталіся дадому праз вёску Роўнае. Спыніліся ля помніка загінуўшым воінам, якія абаранялі нашу старонку ад фашыстаў. Непадалёк  стаіць стэла на месцы спаленай вёскі Зуёва. Тут жа помнік, на якім пазначана, што на гэтым месцы ў кастрычніку 1941 года пачаў працаваць Сіроцінскі падпольны райкам партыі.
На нашым шляху мы бачылі яшчэ чатыры стэлы, яны ўстаноўлены як памяць пра жыхароў спаленых фашыстамі вёсак Заазер’е, Шчамілаўка, Ямішча, Дражакі і два помнікі загінуўшым воінам у Казьянах.
Вяртаючыся, мы размаўлялі пра тое, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на долю нашых дзядоў і пра-дзедаў, пра тое, як яны любілі сваю Радзіму і не скарыліся фашысцкім захопнікам. Мы не павінны гэтага забываць ніколі.
Хочацца падзякаваць дырэктару лясгаса І. Я. Папку і начальніку аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаву за дадзеную магчымасць здзейсніць наша падарожжа, а вадзіцелю В. М. Янчанку – за ўважлівасць і добразычлівасць.
Р. ЗЯЗЮЛЬКА,А. КАНАВАЛАВА,вучні Суравенскай БШ.
Надрукавана ў №4 ад 12.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *