Одинокая старость. Как помочь всем нуждающимся?

Актуалии Общество

Пра сацыяльныя ложкі і рэаліі часу
Як бы мы не характарызавалі 70-80-ыя (“гады застою”, “часы дэфіцыту”), а такой колькасці пенсіянераў, маючых патрэбу ў сацыяльным ложку, у той перыяд не было. Безумоўна, менш елі каўбас, але і менш пілі піва і віна, бо нешта з гэтага было дэфіцытам, а нешта ўжываць без меры  было сорамам. А ўжо біць ды рабаваць (у п’яным угары) сваіх бацькоў было верхам зладзейства, і такіх выпадкаў на ўвесь раён былі адзінкі.
Трэба сказаць, што і са сваёй пенсіі бабулі і дзядулі маглі разлічыцца за кватэру, нарыхтаваць дроў на ўсю зіму. А дзеці мелі магчымасць прыехаць да бацькоў не адзін раз на год і з любой кропкі краін СССР. Мелі магчымасць забраць маці ці бацьку на зіму хоць у Рыгу, хоць у Маскву, хоць у Мурманск і спакойна на лета вярнуцца сям’ёй на пастаяннае месца жыхарства.
Сёння рэаліі іншыя. І як ні ўдасканальваецца сацыяльная палітыка, як ні стараецца дзяржава абараніць нашых старыкоў ад закінутасці і недагляду, факт застаецца фактам: колькасць пенсіянераў, якім патрэбны кругласутачны догляд, расце. Растуць і выдаткі на іх утрыманне. Так, за знаходжанне на сацыяльным ложку пенсіянер аддае 90% сваёй пенсіі, але гэта пакрывае толькі 32% ад той сумы, якая рэальна расходуецца на яго ўтрыманне ў дзяржаўнай установе.
Сёння ў нашым раёне сацыяльныя ложкі знаходзяцца ў ведамстве Шумілінскай ЦРБ. Як паведаміў галоўны ўрач установы К. Ф. Баканаў, афіцыйна дазволена 30 сацыяльных ложкаў: 10 – пры бальніцы сястрынскага догляду ў Мішневічах, 12 – у Мікалаёўскай ўчастковай і 8 месцаў пры Обальскай бальніцы. Але насамрэч зараз пад апекай гэтых устаноў знаходзіцца 56 чалавек, і яшчэ 10 трэба пільна ўладкаваць.
Усе гэтыя людзі патрабуюць пастаяннага кругласутачнага догляду. У большасці сваёй яны адзінокія. Ёсць і катэгорыя тых, каго нельга пакідаць на апеку спітых сынкоў і дачок, ці тых, у каго лёс закінуў дзяцей так далёка, што бацькам прыходзіцца выжываць самастойна.
Можна колькі хочаш разважаць пра тое, хто каму і чым абавязаны, але людзі, якія сумленна адпрацавалі і большую частку свайго жыцця аддалі грамадству, маюць права разлічваць на дапамогу дзяржавы. Яны аддаюць сваю пенсію на ўтрыманне, чаму яе не хапае? Гэтае пытанне не да іх і не да іх дзяцей, якія сёння таксама працуюць і дапамагаюць вывучыцца і стаць на ногі сваім дзецям. Ніякім чынам не заступаемся за тых, хто забыўся на сваіх бацькоў, не даглядае іх. Але ж рэальнасць такая: каб жыць – трэба працаваць, а каб даглядаць нямоглых бацькоў – трэба кінуць работу…
Сёння перад Шумілінскай ЦРБ пастаўлена задача скараціць колькасць стацыянарных ложкаў са 140 да 115. Між тым, за 2011 год абарот ложкаў па раёне выконваўся на 116 %. Гэта значыць, што хворыя ў стацыянары займалі не 140, а ўсе 170 ложкаў. Як жа выканаць задачу па скарачэнні месцаў? Выхад адзін: адмовіцца ад утрымання сацыяльных ложкаў.
“Магчыма, трэба ісці на адкрыццё інтэрната пры сацыяльнай службе, як гэта зрабілі, напрыклад, у Бешанковіцкім раёне, – выказвае думку К. Ф. Баканаў. – Бальніца павінна аказваць дапамогу хворым, нягледзячы на тое, што ложкі ў стацыянары – гэта самы дарагі від абслугоўвання пацыентаў”.
Напэўна трэба пацікавіцца і іншым вопытам работы з такой сацыяльнай групай насельніцтва. Будуюць жа дамы сямейнага тыпу для дзяцей, а чаму не арганізаваць такія ж для пажылых? Ёсць вопыт, калі пажылыя даглядаюць адзін аднаго, сабраўшыся на сумеснае пражыванне ў адным доме. Канешне, не апошнюю ролю ў пад-трымцы такіх людзей могуць выканаць прадпрыемствы і арганізацыі .
Жыццё паказвае, што сёння праяўляць ініцыятыву ў такіх пытаннях патрэбна ўсім, бо старасць – гэта справа нажыўная…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *