Доска почёта Шумилинского района: Григорий Волков

Актуалии Экономика

Тройчы на Дошцы гонару

Прозвішча Рыгора Барысавіча Волкава, які працуе  машыністам экскаватара на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, занесена сёлета на раённую Дошку гонару. Такая пашана перадавіку вытворчасці – за руплівасць, стараннасць і адданасць рабоце.
Мы гутарым з Р. Б. Волкавым пра яго працоўныя дасягненні на меліяратарскай ніве.

–  Рыгор Барысавіч, як вы трапілі ў меліярацыю?
–  Меліяратарам стаў, можна сказаць,  выпадкова. Я музыка-самавучка, вельмі добра граю на гармоніку – у свой час не адно вяселле адвёў. Таму і марыў паступаць у музычнае вучылішча. Але лёс павярнуўся інакш: памёр бацька, трэба было дапамагаць маці і авалодаць грашовай прафесіяй.
На той час на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм машыністам экскаватара працаваў мой старэйшы брат Арсеній. Вось ён і параіў мне: “Ідзі, Рыгор, вучыцца ў Гарадоцкае вучылішча, там стыпендыя добрая – 96 рублёў. А ў меліяратараў і заробак нядрэнны, ды і працаваць будзем разам”. Так я атрымаў прафесію машыніста меліярацыйных машын.
– І з таго часу так і працуеце на адным месцы?
–  Так, ніколі не здраджваў свайму прадпрыемству, хаця часам было і нялёгка. Спачатку 13 гадоў рупіўся на многакаўшовым экскаватары для пракладкі дрэнажу. Маім настаўнікам быў заслужаны меліяратар Беларусі Іван Ягоравіч Апоркін. Я стараўся пераняць вопыт лепшага работніка, раўняўся на яго. Зараз вось ужо каторы год працую на аднакаўшовым экскаватары. А ўвогуле на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм руплюся 31 год.
– Скажыце, ці адрозніваецца работа меліяратара ў 80-ыя гады і зараз?
– Вядома. Час дыктуе свае ўмовы. І пад іх прыходзіцца прыстасоўвацца многім, у тым ліку і меліяратарам.  Калі раней накірунак трымалі на асушэнне палеткаў, на пракладку дрэнажу, то зараз – на абслугоўванне меліярацыйных сістэм. Займаемся дарожнымі работамі, будаўніча-мантажнымі і пагрузачнымі.
– Наколькі ведаю, геаграфія вашай дзейнасці не абмяжоўваецца раёнам.
– Так, год таму працавалі на добраўпарадкаванні ў пасёлку Тарны Віцебскага раёна, ва Ушачах, у Гарадку. Прымаў удзел у падрыхтоўцы берагоў Заходняй Дзвіны пры будаўніцтве Полацкай і Віцебскай ГЭС. Дзе маюць патрэбу ў рабоце майго экскаватара, туды і еду працаваць. Зараз, напрыклад, будуем лясную дарогу Міхалова-Дубовікі.
–  Машыністу адкаўшовага экскаватара даводзіцца план работы?
– Нарад заданняў зараз адышоў – нам плацяць за здзельную работу. А ў савецкія часы даводзіўся план, напрыклад, па ачыстцы каналаў – шэсць тысяч кубаметраў, па пракладцы дрэнажу – 8 кіламетраў. Выконваў і перавыконваў гэтыя нормы, і заўсёды атрымліваў прэмію. А па выніках мінулага года выканаў земляныя работы на плошчы 164 тысячы кв. метраў – працаваў на рамонце меліярацыйных сістэм “Іскра-1” у ААТ “Прыазёрны мір”, на рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Казьяны” ў КУСГП “Мішневічы”, на будаўніцтве лясной дарогі Чысці-Новазаронава.
– Рыгор Барысавіч, за добрую работу вас неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі абласнога і раённага ўзроўняў. А якая ўзнагарода была для вас самай важкай?
– Перамога ў рэспубліканскім спаборніцтве ў 1984 годзе сярод машыністаў экскаватараў, калі я заняў першае месца. Помню, тады на маім рахунку налічвалася 92 кіламетры дрэнажу. Тады не чакаў, што буду першым, менавіта таму было асабліва прыемна.
– А што вы адчувалі, калі ваша прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару?
– Напэўна, тое самае, што і раней– гордасць, адказнасць, імкненне працаваць яшчэ лепш. З другога боку, прызнацца, было крыху няёмка, бо на Дошцы гонару я трэці раз. Я ж не прасіўся ў перадавікі, працаваў кожны дзень так, як лічыў патрэбным. Вельмі ўдзячны калегам, што падтрымалі мяне цёплым словам, усяму свайму калектыву.
–  Дзякуй за размову. Дабрабыту вам і далейшых поспехаў у рабоце.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 42 ад 02.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *