Андрей Меркиянов третий год работает диспетчером в Шумилинском РОЧС

Безопасность Главное Молодёжь

Выратаванне пачынаецца з дыспетчара

Кожны раз, калі хтосьці з нас набірае нумар 101 ці 112, першым прымае сігнал пра надзвычайную сітуацыю дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання. І ад яго імгненнай рэакцыі, граматных і прафесійных дзеянняў, каардынаванай работы залежыць зыход выратавальнай справы.
Трэці год у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях на гэтай пасадзе працуе старшы сяржант Андрэй Меркіянаў, які паспеў ужо зарэкамендаваць сябе дысцыплінаваным, талковым і адказным супрацоўнікам. Як патрабуе пасада – спакойным, разважлівым, стрэсаўстойлівым.

Ён хутка ўвайшоў у строй і курс справы, адаптаваўся да ўмоў і асаблівасцей службы.
З 8.00 да 8.00 – суткі доўжыцца дзяжурства дыспетчара, графік работы – суткі праз двое. Цэнтр аператыўнага кіравання – невялікі кабінет з картамі і схемамі, двума тэлефоннымі апаратамі, радыёстанцыяй, аўтаматызаванай сістэмай цэнтралізаванага апавяшчэння, двума камп’ютарамі, стосам журналаў і дакументаў…
У сярэднім у цэнтр аператыўнага кіравання за суткі паступае каля 50 званкоў. Усе размовы запісваюцца. Як кажа Андрэй Меркіянаў, трагедыі нельга прадугадаць, і дзяжурства на дзяжурства не прыходзіцца. Але кожны раз, пачынаючы з моманту разведкі сітуацыі і заканчваючы вяртаннем тэхнікі ў часць, дыспетчар знаходзіцца ў самым цэнтры падзей, з’яўляецца «вачыма і вушамі» падраздзяленняў, якія ўжо едуць да месца НС і пры гэтым нярэдка застаецца на сувязі з тымі, хто непасрэдна знаходзіцца ў небяспецы. Як псіхолаг. Бывае, што людзі ў крытычнай сітуацыі губляюцца, не ведаюць, што сказаць. І тады дыспетчар тлумачыць, што рабіць і як дзейнічаць.
«Напачатку было складана, – прызнаецца Андрэй. – Нерваваўся вельмі, губляўся. Нас, калі праходзілі стажыроўку ў Гомелі, выкладчыкі папярэджвалі, што дыспетчару неабходна мець 7 рук і 7 ног. Часу рэагавання на зварот адведзена ў межах хвіліны, калі трэба высветліць дэталі здарэння, ацаніць патэнцыйную небяспеку сітуацыі і прыняць вернае рашэнне – часта на кану стаіць чыёсьці жыццё».
Зразумела, бываюць так званыя пікавыя дні, сезонныя абвастрэнні, знаёміць са спецыфікай работы дыспетчар. Калі вясной пачынаюцца травяныя палы – тады тэлефон распальваецца да чырвонага. Бывае, перашкаджаюць працаваць неспецыфічныя выклікі, хаця паняцце «званок не па адрасе» ў РАНС не існуе. Адны просяць дапамагчы разблакіраваць тэлефонную сім-карту, другія падсыпаць дарогу. Выслухоўваем, пераадрасоўваем, дапамагаем. Больш за ўсё прыкра губляць час і сілы на лжывыя і беспадстаўныя выклікі. Успомніў дыспетчар нядаўні выпадак, калі патэлефанаваў мужчына з Мікалаева і паведаміў, што ў яго ўзарваўся газавы балон. Выратавальнікі па прыезде на месца нічога не знайшлі. Аказалася, тэлефоннаму заяўніку варта наведаць псіхіятра… У памяці і тэлефонны званок з Мікіціхі, калі патэлефанавала дзіця і паведаміла пра пажар кватэры. Выклік таксама аказаўся лжывым – бацькі далі дзіцяці пагуляць з мабільнікам…
Андрэй Меркіянаў стараецца расці прафесійна, удасканальвацца. Два разы прымаў удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства на лепшага дыспетчара. На жаль, пакуль удалося трапіць у залатую сярэдзіну. Кажа, што праблемы з англійскай мовай (адзін з этапаў конкурсу прадугледжвае аўдзіраванне на англійскай мове) адразу адкідвалі яго ў канец заліковай табліцы. Але дыспетчар шумілінскага РАНС надзеі не губляе, у свабодны час асвойвае замежную мову. А яшчэ з’яўляецца іграком футбольнай каманды выратавальнікаў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №4 ад 19.01.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *