Алімпійскія надзеі Шуміліншчыны: Паліна Курчанава

Молодёжь Спорт, туризм

Эмоцыі дае толькі барацьба
Калі трапляеш на трэніроўку да Пятра Ганушчанкі, адразу звяртаеш увагу на дзяўчыну, якая трэніруецца нараўне з хлопцамі. Юная спартсменка ўважліва слухае парады Пятра Васільевіча, а затым упарта адпрацоўвае прыём да таго часу, пакуль трэнер не скажа: «Ёсць. Выканала».
– Гэта Паліна Курчанава, сямікласніца Обальскай школы, – пачынае размову П. В. Ганушчанка. – Яна неаднаразовая чэмпіёнка вобласці па жаночай барацьбе (так з нядаўняга часу называецца вольная барацьба ў жанчын – аўт.). Зараз Паліна рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскіх стартах.
Займаецца Паліна барацьбой з 5 класа. Урокі фізкультуры ў дзяўчынкі вёў Пётр Васільевіч, ён і звярнуў на яе добрую фізічную падрыхтоўку. Практычна адразу прапанаваў займацца барацьбой. Першую трэніроўку Пётр Васільевіч добра памятае:
– Паліна прыйшла ў спартыўную залу без аніякага страху. Падчас размінкі адчувалася ўпэўненасць, часам было бачна, што цяжкавата, але выгляду не падавала. А калі пачалі вывучаць прыёмы, дзяўчынка нібы атрымала другое дыханне ды і схоплівала ўсё адразу.
Трэніроўка за трэніроўкай, праз месяц-другі Паліна магла аказаць неблагую канкурэнцыю хлопцам, з якімі трэніравалася. Ды і трэнер бачыў, што юнай спартсменцы трэба новыя эмоцыі. «Бачачы, з якім жаданнем Паліна Курчанава трэніруецца, вырашыў заявіцца на абласны турнір, – успамінае Пётр Васільевіч. – Ведаў, што канкурэнткамі будуць спартсменкі на некалькі год старэйшыя за яе. Але сумненняў не было. У Паліны такі байцоўскі характар, што гэта не магло стаць перашкодай для спартыўнага дэбюту. Паліна на барцоўскі дыван заходзіла смела і рашуча, яна хацела перамагчы і ад кожнага ўдалага прыёму атрымлівала задавальненне».
Першы турнір стаў для дзяўчынкі той кропкай, пасля якой яна больш сур’ёзна пачала адносіцца да трэніровак. Як сама прызнаецца, зразумела, што кожны прыём, кожную камбінацыю трэба па сто, а мо і болей разоў адпрацаваць на трэніроўцы.
У Паліны Курчанавай былі шматлікія выступленні на абласных першынствах сярод старэйшых за яе спартсменак. Для обальскай спартсменкі няма аўтарытэтаў на барцоўскім дыване, ёй розніцы няма, на колькі год саперніца старэйшая. Як вынік, Паліна зараз неаднаразовая чэмпіёнка вобласці. «Са сваімі аднагодкамі дзяўчына будзе бароцца толькі ў канцы гэтага года, – адзначае П. В. Ганушчанка. – І адбудзецца гэта на рэспубліканскіх стартах. Гэта і стане пачаткам спартыўнай кар’еры дзяўчыны».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *