У Шумілінскім раёне пачалася вакцынацыя супраць інфекцыі COVID-19

Главное Здоровье

Вакцынацыя супраць COVID-19 стартавала

У Шумілінскім раёне пачалася вакцынацыя супраць інфекцыі COVID-19. Прышчэплена 55 чалавек

Выяўлены ў канцы 2019 года новы каранавірус SARS-CoV-2 імгненна прывёў да развіцця пандэміі COVID-19, якая не сціхае і зараз. Пандэмія аказала крайне негатыўны ўплыў на здароўе насельніцтва практычна ўсіх краін свету і прывяла да смерці ўжо больш 2-х мільёнаў чалавек. Прымяняемыя абмежаванні на перамяшчэнне, сацыяльнае дыстанцыраванне і каранцінныя меры, закліканыя зменшыць распаўсюджванне вірусу, канешне, хаця і аказваюць ўплыў на стрымліванне распаўсюджвання вірусу, аднак самастойна не з’яўляюцца ключавымі этапамі барацьбы з пандэміяй. Сёння ўсім відавочны факт: нават самыя жорсткія супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы не прывядуць да жаданага спынення цыркуляцыі вірусу – важна забеспячэнне ўмоў для фарміравання калектыўнага імунітэту. Сучаснай медыцыне вядомы адзіны эфектыўны і эканамічна выгадны сродак абароны насельніцтва ад шэрага інфекцыйных захворванняў – гэта вакцынацыя. І яна распачалася ў краіне і ў нашым раёне таксама. Больш падрабязна пра тое, як праходзіць імунізацыя, расказала галоўны санітарны ўрач Шумілінскага раёна Крысціна Афанасьева.

– У Беларусі распачата вакцынацыя супраць інфекцыі COVID-19 прэпаратам «Спадарожнік V», распрацаваным НІЦЭМ ім. Н. Ф. Гамалеі Расійскай Федэрацыі. Гандлёвая назва – Гам-КОВІД-Вак. Прэпарат складаецца з двух кампанентаў: кампанент I і кампанент II. Спачатку ўводзіцца першы кампанент, праз 21 дзень – другі.
На сёння, па дадзеных Расспажыўнагляду, прэпарат падыходзіць як маладым, так і людзям старэйшага ўзросту (61+), якія не маюць супрацьпаказанняў. Эфектыўнасць вакцыны «Спадарожнік V», згодна з іспытамі, складае 96%. Гэта азначае, што 96 чалавек са ста па заканчэнні імунізацыі не будуць хварэць пасля кантактаў з інфіцыраванымі людзьмі, а калі заражэнне ўсё ж адбудзецца, перанясуць хваробу ў лёгкай форме.
– Якія асаблівасці вакцынацыі?
– Вакцынацыя будзе праходзіць у 4 этапы. На 1-м этапе будуць вакцынаваныя медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, работнікі па аказанні сацыяльнай дапамогі насельніцтву, работнікі ўстаноў адукацыі. На 2-м этапе – асобы ва ўзросце 61 год і старэй, асобы з хранічнымі захворваннямі, асобы, якія пражываюць ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання. Трэці этап ахопіць работнікаў гандлю, транспарту, устаноў культуры, спартыўных устаноў, работнікаў дзяржорганаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. На 4 этапе будзе вакцынавана ўсё астатняе насельніцтва (з улікам забеспячэння ахопу вакцынацыяй не менш 60% насельніцтва).
– Вакцынацыя, наколькі вядома, распачалася і ў нашым раёне?
– Так. Зараз у Шумілінскім раёне прышчэплена 55 чалавек згодна з 1-м этапам: медыцынскія работнікі і работнікі, якія аказваюць сацыяльную дапамогу. Ажыццяўляецца ўвядзенне 1-га кампанента. Незвычайных рэакцый на прэпарат не заўважана. Ідзе падрыхтоўчы этап па фарміраванні спісаў для вакцынацыі работнікаў устаноў адукацыі.
Па меры паступлення вакцыны ў раён будуць ажыццяўляцца наступныя этапы вакцынацыі.
– Як быць тым, хто ўжо перахварэў каранавіруснай інфекцыяй? Ці трэба прышчапляцца?
– Дадзенае пытанне неабходна рашаць з кожным перахварэўшым індывідуальна. Варта звярнуцца да лечачага ўрача. Аднак згодна з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у выпадку наяўнасці ў пацыента ў медыцынскай дакументацыі звестак пра перанесеную інфекцыю COVID-19, прафілактычныя прышчэпкі супраць COVID-19 прызначаюцца не раней, чым праз 3-6 месяцаў пасля выздараўлення, незалежна ад цяжкасці цячэння хваробы.
– Крысціна Мікалаеўна, а колькі каштуе вакцына?
– Імунізацыя бясплатная.
– Куды трэба звяртацца жыхарам раёна для вакцынацыі?
– Імунізацыя арганізавана ў паліклініцы Шумілінскай ЦРБ у дарослым прышчэпачным кабінеце (г. п. Шуміліна, вул. Суворава,1).
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №14 ад 23.02.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *