Экологический туризм – потенциал Шумилинского района

Актуалии Край шумілінскі

Крупнейший валун Беларуси - "Большой камень" из деревни Горки

У заморскі край не едзь за цудам
(Заканчэнне. Пачатак у № 3)
Беларуская прырода маляўнічая і надзвычай прыгожая. У яе некранутасці ёсць асаблівае прыцягненне. Менавіта за ім едуць за тысячы кіламетраў аматары дзікай прыроды. Едуць, каб паназіраць за звычайнымі птушкамі і жывёлай, убачыць рэдкіх “чырвонакніжнікаў”, каб сфатаграфаваць некранутыя чалавекам мясціны, нарэшце, едуць на паляванне. На Шуміліншчыне хапае ўсяго гэтага. Не будзем пакуль гаварыць пра паляўнічы турызм. Гэтая тэма заслугоўвае асобнай гаворкі.
Некранутыя прыродныя мясціны – калі ласка, на Казьяншчыну ці на Обальскія балоты. Прыгожыя краявіды – запрашаем на Дзвіну, Абалянку, на шматлікія азёры, у лясныя гушчары. Рэдкія расліны ці жывёлы – калі ласка, у заказнікі “Сосна” ці “Казьянскі”. Помнікі прыроды – вас чакае “Вялікі камень” ці іншыя валуны, крыху меншыя, шматвекавыя дрэвы. Для экалагічнага турызму ў нашым раёне безліч аб’ектаў.

На катамаранах по Оболи

Лясы – наша багацце для прыцягнення турыстаў. Прайсці па лясной сцяжынцы некалькі кіламетраў, назбіраць ягад на лясной палянцы, убачыць гняздо дзікай птушкі, лісіную нару, спалохаць зайца ці курапатак і спалохацца самому, калі яны з-пад ног кінуцца ад цябе – дзе яшчэ можна такое пабачыць, атрымаць такія эмоцыі! А можна арганізаваць назіранне з біноклямі, з каментарыямі спецыялістаў, у спецыяльных мясцінах, са схованак. У свеце мільярды долараў зарабляюць на гэтым.
І яшчэ. З усёй Еўропы едуць ў Фінляндыю збіраць лясныя і балотныя ягады – не зарабляць грошы, а збіраць для ўласнага задавальнення, адпачываць такім чынам. Хіба ў нас нельга збіраць чарніцы, журавіны, брусніцы, грыбы?
І хіба балот у нашым раёне мала? Толькі вакол Обалі на любы густ. Некранутыя, з унікальным азёрна-градавым комплексам, з рэдкімі раслінамі, з гняздоўямі рэдкіх птушак – у Казьянскім заказніку. Нават на торфараспрацоўкі можна звазіць па вузкакалейцы, калі абсталяваць вагончыкі для турыстаў: “Паглядзіце направа – бабровая плаціна, паглядзіце налева – птушыны базар…” Дарэчы, аб гэтым многія гаварылі мінулым летам падчас экскурсіі па былым радовішчы “Обаль-1”. Гэтае балота (“Обаль-1”), якое адраджаецца нанава, чым не атракцыён для гарадскіх турыстаў? Можна паказаць у параўнанні: вось была здабыча торфу, а цяпер балота ажывае – засяляюць расліны, птушкі, жывёла…
Колькі маляўнічых азёр – ад буйных (Будавесць, Заронаўскае) да невялікіх (Гародна, Сосна) і зусім маленькіх, якія хаваюцца ў лясах паміж узгоркаў – можна з рыбалкай, можна з пікніком ці проста палюбавацца.

Западная Двина в деревне Николаево

А бераг Заходняй Дзвіны – што ні мясціна, то карціна, ад якой захоплівае дух. Хочаш пешшу ці на веласіпедзе па беразе, хочаш па вадзе на лодцы, катэры, байдарцы…
Тут зноў вяртаемся да інфраструктуры. Варта зразумець, што турыстам з цывілізаванага грамадства не хапае зносінаў з некранутай прыродай – вось і едуць яны ў джунглі і саваны, пустыні і горы, едуць, каб проста правесці некалькі дзён на прыродзе, адпачыць ад гарадскога шуму і тлуму, падыхаць чыстым паветрам, паглядзець на чыстыя фарбы вячэрняй ці ранішняй зары. Але яны не паедуць у “джунглі” без гарантыі цывілізаванага адпачынку. Калі толькі яны не экстрэмалы, гатовыя жыць у палатках і прайсці пешшу сотню кіламетраў з рукзакамі за плячыма. Хаця ёсць і такія. Галоўнае, прывабіць і знайсці месца для кожнага.
Для большасці турыстаў падыйдуць лясныя ці сельскія домікі з гарачым харчаваннем, з водаправодам, з ацяпленнем, з лазняй і душам. Падыдзе і пячное ацяпленне, і паравое, лазня па беламу і па чорнаму – усё знойдзе свайго аматара. Толькі вось туалет у дашчаніку за 20 метраў ад дома ўзімку, думаю, не прывабіць ніводнага цывілізаванага турыста. Хаця, хто ведае?
І яшчэ адно. Маркетынг – мастацтва прадаваць. Калі пра тавар не ведаюць, яго ніколі не бачылі, то і ніхто яго не купіць. Чаму адны аграсядзібы карыстаюцца папулярнасцю і там чарга з папярэднім запісам, а другія, нават лепшыя па абсталяванні, стаяць пустыя? Адказ просты – не могуць прадаць тавар, дакладней, паслугу. А ў рынкавых умовах гэта галоўнае.
Важна рэклама, інфармацыя, каб пра нашы гістарычныя і прыродныя скарбы ведалі ў краіне і ў свеце, ведалі ў першую чаргу турыстычныя кампаніі, турысты.
Важна, каб ведалі пра гасцініцы і аграсядзібы, пра паслугі і пра распрацаваныя маршруты. Але менавіта гэтага і не хапае, каб прывабіць турыстаў у нашы краі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №6 ад 20.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *