Спрашивали-отвечаем. Что такое договор ренты?

Вопрос-Ответ

Дагавор рэнты. Што гэта такое?
У натарыяльнай практыцы даводзіцца мець справу з дагаворамі рэнты, дзе адзін бок (атрымальнік рэнты) перадае другому боку (плацельшчыку рэнты) ва ўласнасць маёмасць, а плацельшчык рэнты абавязваецца ў абмен перыядычна выплачваць рэнту ў выглядзе пэўнай сумы альбо даваць сродкі на яго ўтрыманне ў іншай форме. Дагавор рэнты падлягае натарыяльнаму засведчанню, а дагавор, які прадугледжвае адчужэнне нерухомасці пад выплату рэнты, — дзяржрэгістрацыі.
У натарыяльнай практыцы з усіх відаў рэнтных дагавораў часцей заключаюцца дагаворы пажыццёвага ўтрымання. У якасці атрымальнікаў рэнты ў асноўным выступаюць адзінокія маламаёмасныя грамадзяне пажылога ўзросту альбо сямейныя пары, для якіх заключэнне дагавору пажыццёвага ўтрымання — добрая магчымасць рэальнага павышэння якасці жыцця.  Атрымальнік рэнты перадае свой жылы дом, кватэру, зямельны ўчастак ці іншую нерухомасць плацельшчыку рэнты, які бярэ на сябе абавязак клапаціцца і пажыццёва даглядаць атрымальніка.
Пажыццёвае ўтрыманне можа ўключаць забеспячэнне патрэб у жыллі, харчаванні і адзенні, а калі патрабуе стан здароўя, то і догляд, можа быць прадугледжана і аплата рытуальных паслуг.
Абавязак пажыццёвага ўтрымання спыняецца разам са смерцю атрымальніка рэнты, а ў выпадку ўстанаўлення рэнты на карысць некалькіх грамадзян — у выпадку смерці апошняга атрымальніка рэнты. Пры істотным парушэнні плацельшчыкам рэнты сваіх абавязкаў атрымальнік рэнты мае права патрабаваць вяртання перададзенай нерухомасці альбо выплаты яму выкупной цаны. Пры гэтым плацельшчык рэнты не мае права патрабаваць кампенсацыі расходаў, панесеных у сувязі з утрыманнем атрымальніка рэнты.
Н. ШНІПАВА, кансультант Шумілінскай дзяржаўнай натарыяльнай канторы.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *