В субботу председатель райисполкома В. П. Куренной провёл «прямую линию»: 8 вопросов из 10 – в адрес ЖКХ

Актуалии Общество

8 з 10 зваротаў – у адрас УП ЖК
У суботу 21 студзеня старшыня райвыканкама У. П. Куранны правёў “прамую лінію”, якая давала магчымасць кожнаму жыхару раёна асабіста задаць пытанне ці выказаць сваю прапанову па цікавячым пытанні. У гэты дзень такую магчымасць скарысталі 10 чалавек.
Думалася, што на “прамой лініі” будуць пераважаць пытанні па расчыстцы снежных заносаў на дарогах, бо прырода на мінулым тыдні не паскупілася на снегапады і завеі. Але, да гонару дарожнай службы, якая працуе ва ўзмоцненым рэжыме, на гэты конт у людзей пытанняў не было.
Затое зноў было выказана нямала прэтэнзій да работы камунальнікаў: восем пытанняў з агульных дзесяці паступіла ў адрас УП ЖКГ.  Прычым толькі з вуліцы Юбілейнай, што ў райцэнтры, паступіла чатыры пытанні. З дома № 47 званіла Н. П. Баранава (прасіла закрыць дваровую тэрыторыю для праезду машын і зрабіць адмостку ля дома). В. У. Клепяшнёва з дома № 57 скардзілася на грубасць асобных спецыялістаў УП ЖКГ, на нізкую якасць пры правядзенні імі рамонтных работ. Жыхарка дома № 49 Н. С. Талкачова расказала пра бездапаможнасць камунальнай службы ў барацьбе з сырасцю ў падвале дома. Аб праблеме жыхароў кватэр 28-54 дома № 27 гэтай жа вуліцы расказала А. Р. Каваленка: менавіта ў гэтых кватэрах чамусьці перабоі з гарачай вадой.
Свае прэтэнзіі да работы камунальнай службы раёна выказалі таксама І. Г. Лінава (Шуміліна, вул. Сіпко, д. 78) – “ніяк не могуць камунальнікі адрамантаваць люк у пад’ездзе”; Т. В. Кляцкова з дома № 2 па вул. Вакзальнай – “замярзаем, батарэі ў кватэрах ледзь цёплыя, дапамажыце нашаму гору”; Т. А. Бяспалава з Лескавіч – “пастаянна не чысцяцца ад снегу вуліцы Ахрамееўская і Хутарская, якія стаяць на балансе камунгасу”; С. Г. Матора з аграгарадка Слабада – “у нашых трохпавярхоўках другі год няма гарачай вады…”
Ва ўсіх гэтых выпадках людзі скардзіліся на непрафесіяналізм і работнікаў УП ЖКГ, валакіту, непатрэбныя адпіскі замест рэальнага рашэння пытання.
У рэшце рэшт, кіраўніку УП ЖКГ В. А. Коўзану пара задумацца аб сур’ёзным пераглядзе работы са зваротамі людзей. Менавіта гэтую думку выказаў У. П. Куранны. Старшыня райвыканкама не павінен займацца люкамі і падваламі, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, на гэта створана спецыяльная служба.  А што яна можа працаваць, калі захоча, падкрэсліў той факт, што многія з акрэсленых пытанняў былі вырашаны яшчэ да завяршэння “прамой лініі”, аб чым дырэктар УП ЖКГ далажыў старшыні райвыканкама.
Іншыя пытанні будуць знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме да свайго станоўчага вырашэння ці наадварот, да абгрунтаванай адмовы. Як, напрыклад, пытанне С. Л. Асташонка з інтэрната па вул. Луначарскага, які выказаў незадавальненне тым, што пры перасяленні жыльцоў з інтэрната ПМК-25 многім далі цэлыя блокі, а ягоную сям’ю памясцілі з падсяленнем.
А самае цікавае пытанне кіраўніку раёна задала дванаццацігадовая Дар’я Якаўлева з райцэнтра: “Ці будзе ў Шуміліне дзіцячае кафэ?”
Каму ж яшчэ, як не кіраўніку раёна, задаваць гэтае пытанне, хаця ў вырашэнні яно вельмі няпростае. Тым не менш, У. П. Куранны паабяцаў дзяўчынцы, што ў бліжэйшы час распачнецца капітальны рамонт фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе, магчыма, знойдзе новую прапіску дзіцячае кафэ.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *