Ассоциация «Белорусская федерация футбола» презентовала Шумилинской СШ №2 140 мячей, футбольные ворота и другую атрибутику

Главное Новости Спорт, туризм

Футбол для ўсіх

У рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Мой школьны футбольны клуб» юныя аматары папулярнай каманднай гульні з СШ №2 г. п. Шуміліна атрымалі ў падарунак спартыўны інвентар і атрыбутыку. Праект каардынуе Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» (АБФФ), ён рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Масавы футбол – гэта не пра перамогу любой цаной. Атрымліваць задавальненне ад гульні, незалежна ад таго, з якім лікам скончыцца матч, – ці гэта не здорава?! Ніякага ціску на дзяцей, рэйтынгаў, знясільваючых трэніровак – толькі станоўчыя эмоцыі.
– Мы хочам, каб у кожнага дзіцяці і дарослага была магчымасць хаця б раз на тыдзень паганяць мяч, – кажа менеджар праекта Вячаслаў Антоненка. – Наша мэта – стварыць сетку апорных школ па развіцці масавага футбола, па адной у кожным раёне. Сёння іх 38, у тым ліку і ў Шуміліне.
140 мячоў, конусы, фішкі, манішкі і нават футбольныя вароты, а яшчэ дыпломы, кубкі медалі і іншае неабходнае для правядзення матчаў перадалі школьнікам госці.
– Вельмі важна па выніках спаборніцтваў адзначыць кожнага, – выказаў упэўненасць начальнік аддзела масавага футбола АБФФ Віталь Валасюк. – Нашы дыпломы падпісаны выбітнымі футбаліс-тамі, у тым ліку і лепшым іграком Беларусі Ігарам Стасевічам.
Педагогаў, якія трэніруюць юных спартсменаў, называюць лідарамі масавага футбола. І гэта не абавязкова настаўнікі фізкультуры. Уладзіслаў Траццякоў, да прыкладу, выкладае геаграфію ў Слабадской яслі-сад – базавай школе. Але жыве ён у Шуміліне ў раёне СШ №2. За апошнія гады там узвялі некалькі шматпавярховак, у дварах з’явілася шмат дзятвы.
– Памятаю, у дзяцінстве мы з суседскімі хлапчукамі ганялі ў футбол, але чалавека, які б нас згуртаваў, тады не знайшлося. Я вырашыў падтрымаць у дзецях любоў да гэтай гульні і, калі можна так выказацца, узначаліў дваровы футбол, – расказвае Уладзіслаў Траццякоў.
Так у школе з’явілася і ўжо трэці год дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах «Гуляем у футбол». 30 хлапчукоў, малодшы з якіх яшчэ наведвае дзіцячы сад, трэніруюцца 2-3 разы на тыдзень. Уладзіслаў Уладзіміравіч на базе тэхнічнага цэнтра АБФФ атрымаў трэнерскую ліцэнзію, што дазваляе яму займацца масавым футболам. Хутка такая ліцэнзія будзе і ў аднаго з бацькоў, якія, дарэчы, ахвотна падтрымліваюць аб’яднанне, дапамагаюць у арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў.
Каманда «Брыкет» (па назве мікрараёна) двойчы брала ўдзел у рэспубліканскіх футбольных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч». На яе рахунку 3-е і 2-е месцы ў абласным этапе спаборніцтваў. Шумілінскія футбалісты ствараюць канкурэнцыю выхаванцам дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, хоць такой мэты перад сабой і не ставяць. Да прыкладу, яны сталі пераможцамі адкрытага турніру «Кубак Ільва» ў Гарадку і міжраённага ў Бешанковічах. «Брыкет» супрацоўнічае з ФК «Віцебск». Усю зіму шумілінскія дзеці займаліся ў футбольным манежы ў абласным цэнтры. Лепшых заўважаюць і запрашаюць у вялікі футбол. Да прыкладу, Міхаіл Карацееў цяпер займаецца ў Цэнтры падрыхтоўкі футбалістаў пры ФК «Дынама-Брэст». Андрэй Корзун, Назар Сянькоў, Яраслаў Новікаў, Дзмітрый Масько, Арсеній Ізафілаў і многія іншыя дзеці дэманструюць выдатныя спартыўныя здольнасці. Магчыма, сярод іх і будучыя футбалісты ФК «Шуміліна». У раёне ўжо тры гады няма сваёй футбольнай каманды.
Дзеці шчыра дзякавалі гасцям за падарункі, дырэктар школы Жана Рагуновіч абмеркавала з прадстаўнікамі АБФФ далейшую сумесную работу.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №28 ад 13.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *