Аляксандр Шарафутдзінаў: знізіць верагоднасць гібелі на вадзе

Безопасность Общество

Знізіць верагоднасць гібелі на вадзе


Нядаўна ў адной з арганізацый раёна падчас сустрэчы з калектывам было зада-дзена пытанне: куды і на якія мэты ідуць членскія ўзносы, якія работнікі арганізацый і ўстаноў раёна плацяць у таварыства ратавання на водах. Падрабязны адказ на пытанне даў старшыня раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах Аляксандр ШАРАФУТДЗІНАЎ:

– Мэтай і прадметам дзейнасці рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства ратавання на водах» з’яўляецца максімальнае зніжэнне верагоднасці гібелі людзей на водных аб’ектах. Таварыства з’яўляецца добраахвотнай некамерцыйнай арганізацыяй, перад ім пастаўлены грамадска значныя задачы. Па-першае, правядзенне прафілактычнай і тлумачальнай работы ў калектывах, навучальных установах, па-другое, абучэнне насельніцтва метадам і спосабам ратавання людзей на вадзе, аказанне даўрачэбнай дапамогі пацярпелым, па-трэцяе, выпуск плакатнай і нагляднай прадукцыі, кінафільмаў па тэматыцы бяспекі на вадзе.
Рэалізацыя гэтых задач магчымая толькі з удзелам шырокіх мас насельніцтва. Аднак у шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый пытанню аховы жыцця людзей на водах не ўдзяляецца належная ўвага, не створаны пярвічныя арганізацыі. Абласным і раённым выканаўчымі камітэтамі рэкамендавана кіраўнікам актывізаваць работу па ўцягненні грамадзян і працоўных калектываў у члены таварыства.
У вобласці дзейнічае 10 ратавальных станцый і 24 сезонныя ратавальныя пасты. Станцыі працуюць круглы год, у штаце – медработнік, вадалаз-ратавальнік, маюцца зменная бялізна і прадукты харчавання для пацярпелых. Станцыі забяспечаны ратавальнай маёмасцю і абсталяваннем.
У вобласці набыты аэраглісіруючае судна коштам каля 85 тыс. руб, здольнае перамяшчацца па льду, снезе і вадзе і аказваць дапамогу ў любую пару года. Судна базіруецца на Новалукомльскай ратавальнай станцыі. Ёсць і гідралакатар «Санар» (яго кошт каля 50 тыс. руб.) для выяўлення і падняцця з дна прадметаў ці цел загінуўшых. Асобныя арганізацыі вобласці набываюць за свой кошт памяшканні для ратавальнікаў, рухавікі для лодак і іншую маёмасць.
У штаце абласной арганізацыі створана і працуе пошукава-манеўраная група, якая ў тым ліку вядзе пошук і паднімае з дна тапельцаў. Група выязджае ў любую кропку вобласці, работа пастаўлена на бязвыплатнай аснове.
Шумілінскі ратавальны пост на Шумілінскім возеры абсталяваны ў 2014 годзе і мае ў наяўнасці плаўсродкі, ратавальную маёмасць для аказання дапамогі людзям, якія церпяць бедства на водах. Натуральна, што для пад-трымання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсяго гэтага комплексу патрабуюцца сродкі.

! У 2020 годзе ў Віцебскай вобласці патанулі 78 чалавек (+15 да ўзроўню 2019 г.),
у тым ліку двое непаўналетніх (-3). Супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ратавальных станцый і пастоў выратавана 30 чалавек, у тым ліку 9 непаўналетніх. За парушэнне правілаў бяспекі на вадзе і льду папярэджаны 1374 чалавекі, у тым ліку 373 непаўналетнія, у Шумілінскім раёне – 76 чалавек, у тым ліку 48 непаўналетніх.

Сістэмная работа дзяржаўных органаў усіх узроўняў, арганізацый, прадпрыемстваў і грамадзян па стварэнні ўмоў для бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва, у тым ліку і па стварэнні ўмоў бяспекі ля водных аб’ектаў, будзе садзейнічаць зніжэнню гібелі і траўматызму людзей, паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Членства ў таварыстве ратавання на водах – уклад у стварэнне ў раёне адзінай сістэмы аховы жыцця на вадзе.
Дзякую кіраўнікам і калектывам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый за ўзаемаразуменне ў рашэнні дзяржаўна значных задач па забеспячэнні бяспекі жыцця людзей на водах.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *