Сакрэты маладога фізрука Андрэя Лялюгі

Молодёжь Образование Спорт, туризм

Сакрэты маладога фізрука Андрэя Лялюгі

Андрэй Андрэевіч Лялюга працуе ў Шумілінскай СШ №1 трэці год. Малады настаўнік фізкультуры імкнецца зрабіць кожны свой урок цікавым, насычаным і карысным, каб вучні з жаданнем ішлі ў спартыўную залу ці на школьны стадыён. І задуманае, нягледзячы на пакуль невялікі вопыт, атрымліваецца.

Пытанні «Кім быць, якую справу выбраць?» ніколі не стаялі перад Андрэем. З дзяцінства ён не ўяўляў свайго жыцця без фізічнай культуры і спорту, улюбіўся ў лёгкую атлетыку, як сам прызнаецца, бегаў пастаянна. Будучы школьнікам, Андрэй Лялюга неаднойчы выйграваў раённыя старты, браў прызы на абласных спаборніцтвах. Таму яго выбар паў на прафесію настаўніка фізічнай культуры. Хацелася не толькі самому жыць ярка, дынаміч-на і здорава, але і весці за сабой дзяцей і моладзь.
Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй прыйшоў на першае (спадзяецца, што і пастаяннае) месца работы ў Шумілінскую СШ №1.
Рэальнасць не расчаравала маладога настаўніка, які даволі хутка знайшоў паразуменне з вучнямі рознага ўзросту.
– Знайсці агульную мову з вучнямі мне дапамаглі словы майго выкладчыка з універсітэта, — гаворыць А. А. Лялюга. — Ён паўтараў: «Ніколі не стаў сябе вышэй за вучняў». Я з самага пачатку стараўся стаць для школьнікаў старэйшым сябрам, справай стараўся заваяваць аўтарытэт. Вельмі важна і тое, што ў школе я заўсёды адчуваў падтрымку дырэктара і яго намеснікаў, калег. Дзякуючы гэтаму было лягчэй знайсці сваё месца ў педагогіцы.
Малады настаўнік шукае нестандартныя падыходы да вучняў розных класаў, каб урок фізічнай культуры для ўсіх быў цікавым і вучні з радасцю ішлі на яго. На жаль, сучасныя падлеткі так прывыклі да гаджэтаў, што адарваць іх ад свету віртуальнасці даволі цяжка. Андрэй Лялюга на ўласным прыкладзе даказвае, што фізкультура, рух, здаровы лад жыцця – гэта здорава і модна. Настаўнік удзельнічае літаральна ва ўсіх раённых спартыўных мерапрыемствах. «Я за любы рух. Пакуль рухаешся, ты жывы, – усміхаецца хлопец. – Папрацаваўшы больш за два гады ў школе, я і ў футбол, і ў валейбол пачаў гуляць, і страляю з пнеўматычнай зброі, і ў дартсе спаборнічаю, і ў настольным тэнісе ўжо не навічок. Ну, і канечне, свае любімыя віды спорту – лёгкую атлетыку і веласпорт – не прапускаю».
Адзін з прафесійных сакрэтаў маладога педагога – абавязкова адзначыць нечым вучняў, якія добра працавалі. Напрыклад, часам настаўнік пакідае ў якасці заахвочвання некалькі хвілін у канцы ўрока і дазваляе школьнікам самастойна выбраць сабе занятак: хтосьці ў гэты час рады пагуляць у валейбол ці баскетбол, паўтарыць нейкія практыкаванні ці пабегаць. Педагога асабліва радуе, што дзеці падыходзяць і пытаюцца, калі можна прыйсці ў спартыўную секцыю, каб пазаймацца дадаткова.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №36 ад 14.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *