Педагоги Шумилинщины провели спартакиаду и творческий конкурс

Актуалии Образование Общество

На старт выйшлі педагогі
У мінулую пятніцу, 30 сакавіка, у Шуміліне прайшла раённая спартакіяда работнікаў устаноў адукацыі, якую арганізаваў і правёў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. За перамогу змагаліся 10 каманд. З вітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка, якая пажадала спартыўнага настрою і бескампраміснай барацьбы.
Каманды, якія ўзначальвалі дырэктары школ, добра падрыхтаваліся да спартакіяды,  а настаўнікі фізічнай культуры сталі ў гэты дзень не толькі вядучымі спартсменамі, а і сапраўднымі трэнерамі, якія рабілі слушныя падказкі сваім калегам.
Праграма спартакіяды ўключала ў сябе скачкі ў даўжыню, шашкі, дартс, стральбу з пнеўматычнай зброі і плаванне. Калі першыя чатыры віды спорту аніякіх пытанняў не выклікалі, то асаблівы інтарэс выклікалі спаборніцтвы па плаванні, бо яны праводзіліся ўпершыню. Удзельнікам спаборніцтваў неабходна было праплысці 48 метраў. Пераможцамі спаборніцтваў па плаванні сталі Святлана Масько са Слабадской школы і Віктар Гусакоў з Обальскай школы.
Перамогу ў раённай спартакіядзе работнікаў устаноў адукацыі атрымала Кардонская школа, другое месца падзялілі каманды Обальскай  і Слабадской школ. Рыгор Томашаў (Кардонская школа) і Святлана Масько (Слабадская школа) атрымалі статуэткі за перамогу ў намінацыі “Самы карысны ўдзельнік спартакіяды”.
Завяршылася спартакіяда таварыскай сустрэчай па валейболе, у якой бралі ўдзел каманды “Захад”і “Усход”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2018 г.

Настаўнікі могуць усё
Арганізатары заяўлялі правядзенне фестывалю раз на два гады, але работнікі ўстаноў адукацыі раёна не маглі трываць так доўга і запатрабавалі сцэну ў сваё распараджэнне штогод.
26 сакавіка прайшоў раённы фестываль у рамках рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі–2018”. 70 удзельнікаў з 12-ці ўстаноў адукацыі раёна прадставілі на суд журы, узначальвала якое лідар прафсаюзнай арганізацыі педагогаў Галіна Раманенка, 22 нумары. Гэта былі не толькі песні, але і танцы, і дэкламаванне вершаў і прозы, і інструментальныя выступленні. Свята творчасці прывяло ў гэты дзень у актавую залу СШ №1 і ветэранаў педагагічнай працы.
Тое, што журы будзе складана вы-значыць пераможцаў, стала зразумела з самага першага нумару, калі на сцэну выйшаў хор СШ №1 з песняй “Тры парады”. Яны былі адзінымі, хто выступаў у гэтым жанры, але ў журы не ўзнікла сумненняў, што выканаль-ніцкае майстэрства ўдзельнікаў хору заслугоўвае Дыплома I ступені.
А наогул, спявалі ўсе пра каханне – вясна ж. І не пранікнуцца гэтымі спевамі было немагчыма. Выступалі ў асноўным прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, а таму, калі на сцэну выходзіў мужчына, браў у рукі мікрафон і прызнаваўся ў каханні, то зала сустракала гэта самымі яркімі апладысментамі. Як, напрыклад, скарыў жаночыя сэрцы Васіль Кухараў з Мікалаеўскага дзіцячага сада сваім “Вясновым блюзам”.
Як часта за жыццёвай мітусянінай нам не хапае часу спыніцца і пагаварыць са сваімі блізкімі, не хапае часу на жывыя эмоцыі, простыя, але такія важныя словы. Настаўніца Обальскай школы Наталля Баранава, выбраўшы для выступлення апавяданне Барыса Якімава “Гавары, мама, гавары…”, хацела закрануць самыя тонкія струны душы гледачоў. І  ёй удалося. І гэта было безумоўнае першае месца, якое яна раздзяліла з настаўніцай СШ №1 Дзіянай Кахтэнкай, што прачытала байку ўласнага сачынення “Як варона на веласіпедзе”. Надзвычай арганічным і эмацыянальным, як і заўжды, было выступленне дырэктара Мікіціхінскай СШ Вольгі Асташонак (Дыплом І ступені ў намінацыі “вакал”). Адзначыла журы і выхад Анастасіі Быкавай (дзіцячы сад №2) з усімі яе трыма дзеткамі з песняй “Мама, мне на цябе не наглядзецца”, і іншых выступоўцаў. Лепшыя былі ўзнагароджаны падарункамі ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *