Вадалаз даў дабро: «Купацца можна!»

Безопасность Новости Общество

Вадалаз даў дабро: «Купацца можна!»

Дзесяць год запар начальнік ратавальнай станцыі «Лосвіда» Віцебскага абласнога таварыства ратавання на водах Генадзь Арнольд прыязджае ў канцы мая на Шуміліншчыну, каб праверыць дно вадаёмаў у месцах купання і ачысціць яго ад небяспечных прадметаў.

Гэтыя мерапрыемствы праходзяць згодна з пастановай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў у рамках выканання раённых мерапрыемстваў па падрыхтоўцы месцаў масавага купання да летняга сезона. Вадалаза падчас аб’езду азёр суправаджалі старшыня раённага таварыства ратавання на водах Аляксандр Шарафутдзінаў і карэспандэнт раённай газеты.
Генадзь Арнольд у гэты дзень абследаваў дно азёр Будавесць (лагер «Дружба» ў Амбросавічах), Шумілінскага і Лескавіцкага. Вадалаз застаўся задаволены аб’ектамі масавага купання, нічога сур’ёзнага на дне азёр купальшчыкам не пагражае. «Бачна, што культура паводзін насельніцтва расце, – заўважыў Генадзь Браніслававіч. – Калі 10 год таму чаго я толькі не знаходзіў на дне азёр у межах берагавой лініі: і колы аўтамабільныя, і бутэлькі шкляныя і пластыкавыя, і нават бакалы ад шампанскага, – то зараз карціна ў корані іншая. Часта стаўлю ў прыклад гарадоцкім калегам».
Нязначны «ўлоў» быў і на гэты раз, звычайная драбяза: некалькі палак, парачка пластыкавых бутэлек, камяні. А на Шумілінскім возеры дык і зусім нічога, толькі трава. Дарэчы, яшчэ некалькі год таму вадалаз на дне нашых азёр, асабліва на Будавесці і Шумілінскім, прыкмячаў безліч ракаў, што, між іншым, сведчыла і пра добрую якасць вады. Зараз ракаў няма. Куды зніклі, невядома.
Падчас аб’езду ацанілі і агульную падрыхтоўку пляжаў. Вялікіх заўваг няма. На кожным возеры трава выкашана, чыста, устаноўлены кантэйнеры ці сметнікі, пляжы аснашчаны раздзявалкамі, невялікімі ценевымі навесамі, туалетамі, спартыўнымі і дзіцячымі пляцоўкамі, адрамантаваны і пафарбаваны лавачкі, для папярэджання несанкцыянаванага пад’езду да вады ўстаноўлены шлагбаўмы і забараняльныя знакі. Дзе-нідзе трэба крыху абнавіць інфармацыйныя прафілактычныя стэнды.
Ну, і сачыць за парадкам трэба. Наколькі камфортным будзе адпачынак, а месцы для купання чыстымі, залежыць і ад нас з вамі, адпачываючых.
Лета стартавала! Прыемнага і бяспечнага адпачынку ля вады!
Алена КАРПУШЭНКА.

У Шумілінскім раёне вызначаны 4 зоны масавага адпачынку – возеры Будавесць, Разван, Лескавіцкае і Шумілінскае. Рашэннем райвыканкама адказнымі за добраўпарадкаванне месцаў масавага адпачынку вызначаны УП ЖКГ (возера Шумілінскае), ДРБУ-204 і ПМК-70 (Разван), Шумілінскі лясгас (Лескавіцкае) і ВУ «Метан» Віцебскаблгазу (Будавесць).
* * *
Згодна з пастановай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў распрацаваны адпаведныя планы мерапрыемстваў, вызначаны тэрміны рэалізацыі да 1 чэрвеня.
* * *
На Шумілінскім возеры працуе ратавальны пост. Яго работа стартавала 15 мая. На цэнтральным пляжы ўстаноўлена камера відэаназірання.
Апублікавана ў №41 ад 01.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *