В школах Шумилинского района прошли выпускные вечера

Главное Молодёжь Образование

Птушаняты вылятаюць з гнязда

10 чэрвеня ў школах раёна прайшлі выпускныя вечары.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, дырэктар Мікіціхінскай СШ Вольга Асташонак, класны кіраўнік выпускнога класа Наталля Муцюк і старшыня райвыканкама Віктар Гутараў з выпускнікамі школы.

Па школьнай традыцыі выпускнікоў чакалі на школьным ганку настаўнікі і бацькі, апошні раз яны правялі ў будынак школы сваіх дзяцей, якія ўжо выраслі і гатовыя вось-вось стаць на свае крылы, узляцець з роднага гнязда, адправіцца ў падарожжа, каб знайсці сваю жыццёвую дарогу.


Дырэктар Мікіціхінскай СШ Вольга Асташонак уручыла выпускнікам, а іх сёлета пяцёра, атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, якія прынята называць «атэстатамі сталасці», як сімвал гатоўнасці да самастойнага жыцця. Кожны выпускнік атрымаў і пахвальныя лісты за поспехі па асобных прадметах.
Ганаровымі гасцямі на выпускным вечары ў Мікіціхінскай СШ сталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова.
Кіраўнік раёна павіншаваў маладых людзей з заканчэннем школы, адзначыўшы, што перад імі стаіць яшчэ шмат адказных задач – паспяхова вытрымаць цэнтралізаванае тэсціраванне, паступіць у абраную навучальную ўстанову. Віктар Сяргеевіч пажадаў выпускнікам здзяйснення усіх мар і жаданняў, падкрэсліў, што іх заўжды чакаюць у родным раёне, у роднай вёсцы, дзе яны змогуць рэалізаваць сябе ў любой прафесіі.
Шмат цёплых слоў гучала ў адрас выпускнікоў: кіраўнік школы, настаўнікі, бацькі – усе знайшлі, што сказаць на развітанне кожнаму, чаго пажадаць ім. Выпускны вечар – гэта заўжды вельмі радасная і доўгачаканая падзея, але заўсёды, калі гучаць развітальныя словы, сціскае сэрца і слёзы з’яўляюцца на вачах удзельнікаў вечара. Былі словы ўдзячнасці, кветкі ад выпускнікоў настаўнікам і бацькам – за падтрымку і цярпенне, за дапамогу і разуменне. Былі песні і апошні школьны вальс. Сапраўдным сюрпрызам стаў дуэт дырэктара школы і начальніка аддзела па адукацыі, якія выканалі для цяпер ужо былых адзінаццацікласнікаў песню-пажаданне.
Ужо на наступны дзень былых школьнікаў падхапіў жыццёвы віхор клопатаў, планаў і мар. А мы пажадаем ім поспехаў у іх ажыццяўленні. Няхай усё ў нашых выпускнікоў складзецца добра!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №45 ад 15.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *