Рейд по проблемным семьям: у некоторых запасов дров – на неделю

Общество

Запасаў дроў – максімум на тыдзень
На мінулым тыдні камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама быў арганізаваны рэйд па праблемных сем’ях. На інструктыўнай нарадзе старшыня камісіі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў акрэсліў асноўную задачу рэйду –  праверыць бяспеку жыцця гэтых сямей з малымі дзецьмі падчас моцных маразоў. Анатоль Мікалаевіч засяродзіў увагу на тым, каб удзельнікі рэйду пацікавіліся, ці ёсць у доме дровы, ці спраўныя печкі, электраправодка.
“Падчас мерапрыемства праверылі не толькі неблаганадзейныя сем’і, — адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч, — у полі зроку былі мнагадзетныя, няпоўныя і іншыя сем’і. Перад рэйдам работнікі школ і дзіцячых садкоў абышлі ўсе сем’і. Туды, дзе былі праблемы, найперш і завіталі ўдзельнікі рэйду”.
Карэспандэнт раённай газеты разам са спецыялістам раённага аддзела адукацыі Аксанай Гарлачовай, участковым інспектарам Юрыем Сільвестравым і старшынёй Лаўжанскага сельвыканкама Святланай Кійко накіраваўся па сем’ях Лаўжанскага сельсавета.
У Добрыне наведалі адну сям’ю. У хаце парадку не ўбачылі. Гаспадыня патлумачыла, што распачала сцірку. Хаця падобная сітуацыя не ўпершыню. Добра, што дроў тут дастаткова, на зіму павінна хапіць.
І ў гаспадароў з Пабеды цяпер праблем з дровамі няма. Напярэдадні рэйду старшыня сельвыканкама паспрыяла, каб ім іх прывезлі. Чаму самі бацькі не думалі, што будзе зіма, – пытанне.
І ў Лоўжы было шмат заўваг да адной з сямей, дзе бацькі п’юць. Праўда, падчас рэйду маці сустрэлі цвярозую. Убачыўшы камісію, яна пачала паліць грубку. Дома – холад. Запасаў дроў – максімум на тыдзень. Жанчына спрабавала запэўніць, што дровы ёсць у іншым месцы, маўляў, муж за імі і пайшоў. Толькі вось убачыць тыя дровы і “ў іншым месцы” члены камісіі так і не змаглі…
У аграгарадку Мікіціха абследавалі шэсць сямей, у адзін дом не змаглі трапіць. Менавіта па гэтай сям’і, куды не трапілі, і ўзніклі пытанні. Дроў ля дома жменька, на раз ці на два. Чым будуць далей грэцца, невядома. Святлана Кійко запэўніла, што гэту сям’ю сельвыканкам возьме пад асаблівы кантроль. “Будзем спадзявацца, што агульнымі намаганнямі прымусім іх набыць дровы, маці ж працуе ў гаспадарцы”, падкрэсліла старшыня.
У астатніх сем’ях, дзе мы пабывалі, сітуацыя больш ці менш нармальная. На зіму ёсць дровы ці брыкет. Праўда, некаторым зрабілі заўвагі па пажарнай бяспецы, стану грубак.
“Рэйд меў выключна прафілактычныя задачы, — зазначыла Л. А. Грузневіч, — было абследавана 78 сямей па ўсяму раёну. Па выніках рэйду было выпісана 11 адміністрацыйных пратаколаў, вынесена 6 афіцыйных прадпісанняў”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *