У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча з вядомым скульптарам Беларусі Ігарам Голубевым

Культура Новости

Пазнаёміліся з майстрам-скульптарам

Скульптар Ігар Голубеў.

 

 

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча з вядомым скульптарам Беларусі Ігарам Голубевым, аўтарам шматлікіх помнікаў, якія стаяць як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі.

Сярод самых вядомых – помнікі ў бронзе Архангелу Міхаілу на плошчы Незалежнасці і Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці ў Мінску, Ефрасінні Полацкай у Полацку, Уладзіміру Караткевічу ў Оршы.

Скульптура Ігара Голубева «Архангел Міхаіл» у Мінску.

«Гэта першая сустрэча ў Шуміліне з творцай-майстрам, – зазначыла Валянціна Маісеенка, намеснік старшыні Віцебскага аддзялення РГА «Рускае таварыства» пры Пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, кіраўнік Віцебскага культурна-інфармацыйнага цэнтра «Скарбы свету». – У сценах Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея прайшло шмат розных выставачных праектаў, звязаных у першую чаргу з жывапісам. Зараз жа мы хочам наладзіць шэраг сустрэч з майстрамі, з-пад рук якіх таксама выйшлі творы мастацтва, але іншага накірунку. Хочацца даць магчымасць паслухаць майстра, даведацца з першых вуснаў пра нараджэнне ідэй і складанасці творчага працэсу, адчуць іх духоўны свет. Сённяшні наш герой – ураджэнец Віцебска скульптар Ігар Голубеў».
Сустрэча атрымалася цікавай і змястоўнай. Ігар Уладзіміравіч Голубеў расказаў пра сябе, як прыйшоў у прафесію скульптара, як нараджаліся першыя творы, чаму галоўнымі героямі яго твораў сталі гуманісты-асветнікі, асобы, звязаныя з культурай і гісторыяй Беларусі, які нялёгкі шлях ад нараджэння ідэі помніка да яго рэалізацыі, якую сілу мае думка.
Першай работай І. Голубева стаў помнік Язэпу Драздовічу ў 1993 годзе. Гэта была дыпломная работа, якая стала, можна сказаць, візітнай карткай будучага скульптара. Самай любімай і дарагой сэрцу работай майстар лічыць помнік Архангелу Міхаілу, бо тут быў добры мецэнат, была магчымасць працаваць не ў рамках заказу, а ваўсю прадэманстраваць творчасць і палёт фантазіі. «У маіх работах яскрава бачны вынік пражытага мною жыцця», – пры-знаўся скульптар. – І я вельмі ўдзячны лёсу за прадастаўленую магчымасць плённа працаваць, рэалізоўваючы многія задумы і пакідаючы нашчадкам багатую спадчыну».
Асобная старонка была прысвечана стварэнню помніка Ефрасінні Полацкай у Полацку. Архіўны фільм 20-гадовай даўнасці перанёс прысутных у той вераснёўскі ўрачысты дзень адкрыцця помніка. Між іншым, скульптар браў кансультацыю ў самога Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта і атрымаў ад яго блаславенне на работу.
Напрыканцы мерапрыемства госць шчыра адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Арганізатар мерапрыемства дырэктар музея Святлана Іванова падзякавала за прыезд у Шуміліна і пажадала далейшай плённай працы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №56 ад 23.07.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *