Зимние хлопоты работников АПК

Сельское хозяйство Экономика

Каровы баяцца бяскорміцы, а не халадоў
У нялёгкіх умовах прыходзіцца працаваць жывёлаводам раёна. Дваццаць градусаў мароз ці трыццаць, а жывёла павінна быць накормлена, падоена і дагледжана. Пра тое, як наладжана работа ў галіне жывёлагадоўлі, мы запыталіся ў першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу В. В. Родзіча.
“У рабочым рытме, без надзвычайных здарэнняў, – гаворыць Віктар  Віктаравіч. – На ўсіх фермах уцеплены вокны і дзверы. Кармы падвозяцца без збояў. Па валавай вытворчасці малака наш раён у перадавіках у абласной зводцы: 120,8% да ўзроўню мінулага года (сярэднеабласны паказчык – 108%). Па продажу малака таксама нядрэнны вынік: 126,9% да ўзроўню мінулага года (110,4% – па вобласці). За гэтымі лічбамі – штодзённая карпатлівая работа галоўных спецыялістаў, кіраўнікоў, даярак. Яны працуюць аднолькава рупліва і ў спякоту, і ў мароз”.
Пры размове з кіраўнікамі гаспадарак мы высветлілі, што ў многіх гаспадарках у вялікія маразы знізілася таварнасць. Жывёлаводы апраўдваюць гэта тым, што маленькіх цялят сталі выпойваць сырадоем.
“А каровам у такое халоднае надвор’е ў абавязковым парадку даём камбікорм, – дадае В. В. Юхнавец, дырэктар ААТ “Прыазёрны мір”. – Камбікорм дае жывёле дадатковую энергію, вітаміны і мікраэлементы”.
На некаторых фермах з ночы замярзаюць паілкі, “прыхоплівае сістэму гноевыдалення. “Ратуе гарачая вада, – гаворыць галоўны заатэхнік “Шумілінскага райаграсэрвісу” А. А. Кузняцоў. – Найбольш праблемныя фермы ў гэтым плане Юрава і Паратоўка. Але ж не дапускаем, каб каровы засталіся нядоенымі ці някормленымі”.
Праўда, некаторыя выходзяць з графіку на якія паўгадзіны. “Але ж гэта пакуль разагрэемся, – апраўдваюцца жывёлаводы фермы Слабада. – Прамывалі 2 лютага з вечара малакаправод, там крыху засталося вады. Вядома, недагледзелі. Прыйшлося раніцай адаграваць сістэму кіпенем”.
Дадае мароз праблем і жывёлаводам “АграБаравінкі”. Асабліва на комплексе. Як нам расказаў кіраўнік гаспадаркі А. І. Мясаедаў, на комплексе замёрзла сістэма гноевыдалення. З няпростай сітуацыі знайшлі выхад: падсцілаюць жывёле саломай. Дзякуй богу, дояцца каровы своечасова. Больш таго, “АграБаравінка” мае валавы надой малака 163% да ўзроўню мінулага года.
Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза растлумачыў, што на ўсіх фермах прыдатныя ўмовы для зімоўкі жывёлы. “Увогуле жывёла баіцца не столькі халоднага надвор’я, колькі скразнякоў і бяскорміцы, – удакладняе Іван Уладзіміравіч. – Кармоў нарыхтавана дастаткова, ёсць і сянаж, і сілас, і камбікармы. Думаецца, халады перажывём, аўралаў на фермах не будзе”.
Калі “задобрыш”,  будзе і бульба, і кукуруза
Пад яравую сяўбу ў гэтым годзе трэба вывезці на палі 278 тысяч тон арганічных угнаенняў, расказала аграхімік Віцебскай абласной праектна-вышукальнай станцыі Алеся Казлова. Арганіку ўносяць на тыя палеткі, дзе будзе расці бульба, кукуруза, зерневыя, рапс.
Мелі рацыю тыя гаспадаркі раёна, якія займаліся вывазам угнаенняў у канцы восені.
Усяго ў канцы мінулага года вывезена на палеткі каля 49 тысяч тон арганікі. За студзень вывезлі яшчэ больш за сто тысяч тон угнаенняў. Напрыклад, у “Прыазёрным міры” і “Баравінцы” за адзін студзеньскі дзень вывозілі больш як па пяцьдзясят тон. На вывазе арганікі была задзейнічана большасць трактароў. Названыя гаспадаркі сёння лідзіруюць: у “Баравінцы” на 3 лютага вывезена 77,5% угнаенняў да патрэбнага, а ў “Прыазёрным” – 68,3%. У сярэднім жа па раёне вывезена 46,2% арганікі.
У хвасце раённай зводкі – “Мішневічы” і “Крыніца”. У гэтых гаспадарках вывезена арганічных угнаенняў толькі па 16% да патрэбнага. Цікавімся, чаму гаспадаркі аказаліся ва аўтсайдэрах. “Тэхнікі хапае, саляркі няма, – тлумачыць сітуацыю намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУСГП “Мішневічы” С. М. Касцюковіч. – Многа паліва расходуем на расчыстку дарог. Чакаем, пакуль будуць выдзелены бюджэтныя сродкі на пакупку саляркі.”
Іншыя праблемы называюць у СФГ “Крыніца”: “Восенню ўся тэхніка была задзейнічана на адвозцы бульбы, а ў студзені яшчэ не паспелі адрамантаваць “Амкадор”, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун, – ды і шэфы з Шуміліна – прадпрыемства меліярацыйных сістэм – сёлета чамусьці не прыехалі на дапамогу.”
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *