Свята прыйшло ў аграгарадок Башні на вуліцу Лугавую

Культура Общество

Вуліца Лугавая працавітымі людзьмі багата

Тыдзень таму на вуліцы Лугавой у аг. Башні было шумна і мнагалюдна. Прыбраныя жыхары з букетамі кветак і дамашняй выпечкай спяшаліся да імправізаванай пляцоўкі, дзе гучала музыка.


Свята вуліцы Лугавой арганізавалі работнікі мясцовага сельскага клуба і дзіцячага тэатральнага калектыву «Прэм’ера», мясцовай бібліятэкі, артысты аўтаклуба і тэатра мініяцюр «Буфф» раённага цэнтра культуры.
Вядучыя расказалі, што калісьці даўно на месцы вуліцы Лугавой было прыгожае поле. Жыхары Башнёў любілі там сустракаць святы, на Івана Купалу плялі там букеты рамонкаў і ішлі кідаць іх на возера Будавесць. Восенню тут арганізоўваліся кірмашы. Ну, а калі вёска разраслася, калі пабудавалі тут багата дамоў, то вуліца атрымала назву Лугавая. Зараз тут размешчаны дзіцячы сад, паштовае аддзяленне, фельчарска-акушэрскі пункт, кантора мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Сёння на Лугавой пражывае з паўсотню чалавек рознага ўзросту. Для кожнага з іх на свяце знайшліся цёплыя словы. Віталі самую старэйшую жыхарку былую даярку гаспадаркі Ганну Іларыёнаўну Буланчыкаву, якой споўнілася 93 гады. Расказалі пра сямейныя пары, якія справілі залатое вяселле, пра самых маленькіх жыхароў вуліцы.
На свята прыехала старшыня Светласельскага сельсавета Людміла Васільева, якая павіншавала вяскоўцаў, пажадала ім шчасця і дабрабыту. Людміла Уладзіміраўна ўручыла граматы і падарункі башнёўцам за лепшыя падворкі і добраўпарадкаваныя дамы.
Выступіла на свяце старшыня прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Аляксандра Міраненка. Яна пажадала землякам моцнага здароўя і адзначыла, што ў Башнях жывуць самыя руплівыя людзі, якія шчыра працуюць на палетках і фермах. Для іх і ветэранаў працы сельгаспрадпрыемства падчас свята выдаткавала грошы на падарункі. Аляксандра Васільеўна ад імя землякоў падзякавала работнікам культуры за свята і ўручыла ім памятныя сувеніры.
У гэты дзень у Башнях доўга гучала музыка і песні. Усе прысутныя атрымалі зарад аптымізму і бадзёрасці ад свята.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №61 ад 10.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *