
Медабслугоўванне вяскоўцаў – у цэнтры ўвагі
Для сельскай мясцовасці характэрна малая колькасць насельніцтва, якое пражывае на дастаткова вялікай тэрыторыі. Гэтыя асаблівасці ляжаць у аснове арганізацыі медыцынскай дапамогі. Актуальная і важная тэма стала падставай для абмеркавання на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. Інфармацыю прадставіла галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.

Формы аказання медыцынскай дапамогі ўключаюць работу стацыянарных лячэбных устаноў – амбулаторый і ФАПаў, а таксама выязную дапамогу. Медыцынская дапамога вяскоўцам аказваецца камандамі ўрача агульнай практыкі, у якую ўваходзяць памочнік урача і медыцынская сястра, перасоўныя ФАПы выязджаюць не толькі ў сельскія населеныя пункты, а і на прадпрыемствы, ажыццяўляецца медабслугоўванне па выкліках на даму.
Клапоцяцца ўлады і кіраўніцтва ЦРБ пра камфорт ва ўстановах аховы здароўя – ва ўсіх ФАПах праведзены бягучыя рамонты, зараз ідзе рамонт будынка, у які пераедзе Обальская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі.
На пасяджэнні былі абмеркаваны пытанні дэмаграфічная сітуацыя, удасканалення паслуг. Было адзначана, што вырашэнне пытання даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву патрабуюць у першую чаргу паляпшэння кадравага патэнцыялу, укамплектавання вакантных пасад. Неабходна і сацыяльная падтрымка маладых спецыялістаў.
Па абмеркаваным пытанні прыняты праект пастановы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
