«Дажынкі» ў Шуміліне пройдуць 18 верасня. Што будзе ў праграме?

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости

Свята абяцае быць яркім

Штаб па падрыхтоўцыі правядзенні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі» прайшоў у Шуміліне 18 жніўня.

На папярэднім пасяджэнні штаба вызначана дата правядзення «Дажынак» – субота 18 верасня. Да свята роўна месяц – самы час падвесці вынікі. Члены штаба на чале са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым наведалі аб’екты, дзе не толькі пазнаёміліся з іх гатоўнасцю, але і даведаліся, якія мерапрыемствы для герояў і гасцей свята там будуць арганізаваны.
Так, кафэ «Метан», рамонт якога ўжо завяршаецца, стане асноўным аб’ектам грамадскага харчавання і будзе абслугоўваць ганаровых гасцей.
Спартыўным цэнтрам «Дажынак» стане гарадскі стадыён, дзе пройдуць спаборніцтвы па сілавых відах спорту, спартакіяда, іншыя забаўляльныя мерапрыемствы.

Раённы цэнтр культуры прыме выставу дажыначных снапоў з усіх раёнаў Віцебшчыны, тут будуць ладзіцца выставы, прысвечаныя хлебу і хлебаробам.
Цікавая гісторыка-культурная выстава разгорнецца ля сцен чыгуначнага вакзала. Яна будзе пры-свечана 155-годдзю адкрыцця руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы, якая дала штуршок развіццю некалі маленькай вёскі Шуміліна.
Адным з галоўных аб’ектаў «Дажынак» будзе СШ № 1 – гэта ўжо практычна новая школа, створаная ў рамках праграмы «Школа будучага».
Гарадскі парк будзе аддадзены моладзі – на яго дарожках і эстрадзе цікавую праграму прапануе абласная арганізацыя ГА БРСМ.
Будуць працаваць пляцоўкі Упраўлення ўнутраных спраў і Упраўлення па надзвычайных сітуацыях. Захапляльную праграму прадставяць дэсантнікі 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. У розных кутках святочнага райцэнтра пройдуць канцэртныя праграмы на любы густ.
Які кірмаш без гандлёвых радоў? Яны зоймуць цэнтральныя вуліцы гарадка. Сваю прадукцыю прапануюць прадпрыемствы не толькі Віцебскай вобласці, але і ўсёй краіны.
Галоўная дзея – урачыстае шэсце і ўшанаванне герояў жніва – адбудзецца на вуліцы Кароткіна і цэнтральнай плошчы.
У ходзе пешага абходу раённага цэнтра выказвалася шмат цікавых прапаноў і ідэй. Таму пералічанае – гэта далёка не ўсе сакрэты фестывалю-кірмашу, якія змогуць пабачыць і ў якіх паўдзельнічаюць шумілінцы і госці свята.
Падводзячы вынікі, Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў:
– Прыемныя ўражанні пакідае сёння Шуміліна. За месяц, што застаўся, яшчэ шмат трэба зрабіць па добраўпарадкаванні, нешта падфарбаваць, дапрацаваць. Але сёння ўсё Шуміліна працуе – і дзяржаўныя ўстановы, і прыватныя структуры – гэта вельмі важна.
Стаіць задача правесці годнае свята. Бачна, што ўсе старанна рыхтуюцца, ёсць своеасаблівае спаборніцтва паміж арганізацыямі. Спадзяюся, што гэты дзень запомніцца яркімі ўражаннямі і моладзі, і сталаму пакаленню. Нагадаю, што асноўная задача «Дажынак» – выказаць словы шчырай падзякі працаўнікам сяла, і гэта будзе абавязкова зроблена.
Вядома, не ўсё задуманае выканана. Галоўнае – не спыняцца на дасягнутым, а працягваць ператварэнні да лепшага і пасля свята.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №64 ад 20.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *