Подворный обход в Ловжанском сельсовете

Актуалии Общество

Деревня Добрино Ловжанского сельсовета

Па хаце бачна, які жыве гаспадар
Пасля Светласельскага і Каўлякоўскага падворны абход прыйшоў у Лаўжанскі сельсавет. Групы райвыканкама ў самыя марозныя дні лютага зайшлі ў кожную вёску, у кожны дом на Лаўжаншчыне. Удзел у гэтым мерапрыемстве прынялі і журналісты раённай газеты.
Калісьці вёска Добрына была цэнтральнай сядзібай саўгаса імя Кароткіна. З настальгіяй згадваюць тыя гады мясцовыя людзі: і вясковых сем’яў тады было больш, і дзяцей, “жывейшымі” былі мясцовыя мехдвор і майстэрня.
Зараз у Добрыне пастаянна пражываюць 392 чалавекі, тут 142 домаўладанні.  І каб іх усе абысці за два дні, камісія падворнага абходу (у яе склад уваходзяць прадстаўнікі райвыканкама, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і рэдакцыі) раздзялілася на дзве групы. На нашым шляху – вуліца Першамайская. Знешне складваецца прыемнае ўражанне: дарога добра расчышчана, калонка ўцепленая (нават у мінус дваццаць пяць градусаў тут ёсць вада – самі правяралі), да адрамантаванага калодзежа (такі ўбачылі ў канцы вуліцы) вядзе добра пратаптаная сцяжына. Ды і прыгожых дамоў з дагледжанымі падворкамі тут хапае. Напрыклад, сялібы В. С. Жандаравай, А. В. Дувідзона, Т. Е. Раманцавай і іншыя. Адразу бачна, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары.
У хатах большасці вяскоўцаў чыста, цёпла, утульна. Добрынцы з разуменнем адносяцца да падворнага абходу, расказваюць пра тое, як рашаюцца надзённыя праблемы. З асвятленнем вуліцы, напрыклад, дапамог сельвыканкам. Дровы, хоць і нятанна, але можна купіць у лясгасе і ў прыватнікаў. Праўда, скардзіліся вяскоўцы на паўразбураны калодзеж у пачатку вуліцы: маўляў, нікому і справы няма, ніхто не адрамантуе. Але ж, як высветлілася, гэта калодзеж прыватны. На жаль, так часта бывае, што людзі хочуць перакласці свае праблемы на чужыя плечы: нехта ім “павінен” нарыхтаваць дроў, адрамантаваць агароджу ці той жа калодзеж.
А вось жыхары па вуліцы Пралетарскай маюць сваю праблему: трэба спілаваць старую высокую таполю.
Многія добрынцы выказалі пажаданне ў адрас аддзялення паштовай сувязі, каб сюды завозілі пральны парашок і мыючыя сродкі. З многіх вуліц, напрыклад, Маладзёжнай ці Залужскай, сюды бліжэй хадзіць за таварамі. “Гэта не праблема, – лічыць начальнік паштовага аддзялення сувязі Ю. Г. Гендзель. – Пойдзем насустрач вяскоўцам, будзем даваць заяўкі на тое, што карыстаецца попытам”.
На вуліцах Маладзёжнай, Цэнтральнай, Сонечнай, Кастрычніцкай вяскоўцы дзякавалі фельчару мясцовага ФАПа за добрае абслугоўванне. А вось да магазіна райспажыўтаварыства мелі прэтэнзіі:  у другой палове дня немагчыма купіць малака. А ў Добрыне пражываюць 94 пенсіянеры, тут больш сямідзесяці непаўналетніх дзяцей. Няма ў магазіне і школьных прынадлежнасцяў, бедны асартымент тавараў прамысловай групы.
Ёсць праблемы і на вуліцы Залужскай: у двухпавярховым доме няма ўваходных дзвярэй у пад’езд. Жыхары трохпавярховага дома па вуліцы Маладзёжнай, які ацяпляе мясцовая кацельня, скардзіліся, што ў пакоях холадна. Адна з прычын – нежылыя кватэры. Да таго ж, некаторыя незамкнёныя, дзверы насцеж. А кватэры ацяпляюцца. Ды і люкі на дах не ўсюды зачыняюцца. Выходзіць, абаграваецца  вуліца. Як расказалі вяскоўцы, у пустых кватэрах частымі наведвальнікамі бываюць “мясцовыя бамжы і алкаголікі”, якія парушаюць спакой усяго дома.
У час падворнага абходу многа размаўлялі з людзьмі. І многіх з іх хвалюе не недахоп дроў ці тавараў у магазінах, а іншае: у некаторых сем’ях няма жыцця з-за п’янак. Як наглядная ілюстрацыя, перад намі паўстала наступная карціна: мужчына ў адной хаце ляжаў прама ля ўваходных дзвярэй… Другі дайшоў да ложка, але ж не падаваў прыкмет жыцця. А трэці быў не настолькі п’яны, мог яшчэ пагаварыць. “У мяне адна праблема, – заявіў ён нам, — не хапае гарэлкі!”. Такія вось рэаліі жыцця адной з вёсак Лаўжанскага сельсавета.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *