Сярод праблем, з якім тэлефанавалі жыхары Аляксандру Субоціну, найбольш вострымі былі пытанні стану дарог

Главное Общество Президент

Эх, дарогі…

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін 26 сакавіка правёў «прамую тэлефонную лінію» з насельніцтвам. Сярод праблем, з якім тэлефанавалі жыхары як сельскіх раёнаў, так і гарадоў вобласці, найбольш вострымі былі пытанні стану дарог, што зразумела, улічваючы пераходны перыяд пасля зімы.

Некалькі званкоў з розных раёнаў Віцебска і г. п. Руба тычыліся стану праезнай часткі гарадскіх вуліц, па якіх нельга ні прайсці, ні праехаць, бо яміна на яміне, і транспарт абдае прахожых бруднай вадой з лужын.
З Гарадоцкага раёна паскардзіліся на тэхніку лесанарыхтоўшчыкаў, якая разбіла пад’язную дарогу. Аўтамабілі ездзяць па вёсцы нягледзячы на забарону руху вялікагрузнай тэхнікі. У выніку па разбітай дарозе да вёскі не могуць прыехаць ні аўталаўка, ні хуткая дапамога, ні сваякі вяскоўцаў. Заяўніца звярталася да мясцовых уладаў, але ў райвыканкаме патлумачылі, што рамонт павінна рабіць арганізацыя, якая эксплуатуе дарогу.
З падобнай праблемай тэлефанавалі з Сенненскага раёна, толькі там дарогу разбівае тэхніка мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Некалькі пытанняў тычыліся камунальных праблем: капітальны рамонт дома, навядзенне парадку ў двары, рамонт інжынерных сетак і іншыя.
Жыхароў аднаго з сельсаветаў Талачынскага раёна хвалявала праблема аўтобуснага руху да іх населенага пункта. А жыхары віцебскага мікрараёна Білева, акрамя арганізацыі аўтобуснага руху да абласной бальніцы, пыталіся пра завяршэнне будаўніцтва дарогі па новай вуліцы.
Жыхары вобласці звярталіся да старшыні аблвыканкама з даўнімі зямельнымі спрэчкамі, праблемамі ў навядзенні парадку на зямлі і выкарыстання будынка закрытай школы, праблемамі медыцынскага абслугоўвання і льготамі пры ўстаноўцы электраацяплення, з іншымі пытаннямі.
Некалькі заяўнікаў віншавалі Аляксандра Субоціна з прызначэннем (ён працуе на гэтай пасадзе тры месяцы), жадалі яму поспехаў.
Аляксандр Субоцін уважліва слухаў кожнага заяўніка, на месцы даваліся даручэнні па рашэнні названых пытанняў ці больш глыбокага вывучэння ўзнятых праблем. Даручэнні кіраўніка вобласці адрасаваліся абласным службам ці кіраўнікам мясцовых гар-, райвыканкамаў. Кожны зварот быў ўзяты на асабісты кантроль старшыні аблвыканкама.
Дарэчы, з пачатку года на «прамую лінію» аблвыканкама паступілі 122 звароты, што на 24% менш аналагічнага перыяду мінулага года. Найбольшая колькасць зваротаў паступала з Віцебска (59). Найбольшая колькасць зваротаў (60%) тычылася пытанняў ЖКГ. Заяўнікі ставілі праблемы жыллёвага заканадаўства, аховы здароўя. У выніку работы ўсіх органаў улады просьбы васьмі чалавек былі задаволены, па 55 зваротах дадзены тлумачэнні, 20 зваротаў накіраваныя для разгляду ў іншыя дзяржорганы і арганізацыі згодна з кампетэнцыяй, 7 зваротаў пакінуты без разгляду, 32 звароты яшчэ разглядаюцца.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №23 ад 29.03.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *