В центре внимания президиума Шумилинского райсовета – эстетическое воспитание детей

Власть Культура Новости

Школа мастацтваў выхоўвае і яднае

Работа Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў па эстэтычным выхаванні дзяцей і моладзі была абмеркавана на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло 27 верасня пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Мікалая Будневіча.

Не ведаю, як для іншых, а для мяне музычная школа заўсёды была цэнтрам высокага мастацтва, не падобным на іншыя навучальныя ўстановы, дзе вучацца таленавітыя дзеці з ідэальным слыхам і голасам, дзе гавораць шэптам, каб не перабіць гукі музычнага інструмента. Перакананне, што музычная школа выхоўвае пэўны ўзровень культуры і зносін, і сёння са мной. Такую думку агучыў ў сваім дакладзе і дырэктар Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Руслан Мацвяйчук, падкрэсліўшы, што галоўнае прызначэнне ўстановы калектыў бачыць у фарміраванні духоўна-маральнай культуры і каштоўнасцей праз сродкі мастацтва, удасканаленне работы з бацькамі і ўмацаванне сувязі з сям’ёй. Кіраўнік установы расказаў, як наладжана работа музычнай ўстановы і якія поспехі мае школа.
62 гады існуе ў Шуміліне школа мастацтваў. Сёння яна прадстаўляе сабой педагагічны калектыў з 38 выкладчыкаў, якія працуюць па наступных накірунках: інструментальнае, харавое, харэаграфічнае, мастацкае, эстраднае, лічбавае, музычна-эстэтычнае аддзяленні. У 2021-2022 навучальным годзе тут вучыцца 330 хлопцаў і дзяўчат, з іх 282 – у райцэнтры, 48 – у трох сельскіх філіялах. Гэта складае 18,3% ад агульнай колькасці вучняў школ раёна. Для 113 вучняў з мнагадзетных і апякунскіх сямей навучанне ў ДШМ бясплатнае.
У школе мастацтваў створаны і працуюць 4 калектывы са званнем «узорны» і 2 – са званнем «народны». 73 вучні займаюцца ў гэтых калектывах. Узорныя калектывы – неаднаразовыя лаўрэаты і дыпламанты розных конкурсаў.
У 2021 годзе калектывы школы прынялі ўдзел у 23 мерапрыемствах, а таксама ў 20-ці конкурсах рознага ўзроўню. Стараецца ўстанова выконваць і эстэтыка-асветніцкую функцыю, функцыю сацыялізацыі, дзеля чаго ладзіць культурна-масавыя мерапрыемствы: святы, прысвячэнне ў музыкі, навагоднія прадстаўленні, бацькоўскія сходы, конкурсы, выставы, тэматычныя канцэрты, вечары выпускнікоў. Калектыў установы – актыўны ўдзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў.
Наладжана ў ДШМ прафарыентацыйная работа з вучнямі, вы-нікам якой з’яўляецца штогадовае паступленне ў спецыяльныя навучальныя ўстановы, а пасля – вяртанне ў наш раён у якасці спецыялістаў-выкладчыкаў. За апошнія пяць год 16 выпускнікоў музычнай школы прадоўжылі навучанне ў музычных установах. У той жа час 17 былых выпускнікоў працуюць выкладчыкамі школы. Сёлета школа рыхтуе да паступлення 4-х вучняў, а сама чакае 2-х маладых спецыялістаў па спецыяльнасці фартэпіяна і ўдарныя інструменты.
Расказаў Руслан Мацвяйчук, што з кастрычніка пачнуцца работы па рамонце даху школы мастацтваў, якая сітуацыя з забеспячэннем музычнымі інструментамі, падзяліўся, якія інструменты школа плануе набыць і якія аддзяленні адкрыць. Было таксама ўзнята актуальнае пытанне, чаму з мінулага года спыніў сваю дзейнасць дарослы духавы аркестр.
Па абмеркаваным пытанні прынята пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 77 ад 05.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *