На отчётно-выборной конференции председателем районной организации ОО «БелТИ» вновь избрана Л. Н. Нагибова

Актуалии Общество

“Клопат пра бліжняга – у гэтым наша сіла”
У панядзелак, 13 лютага, адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. На канферэнцыі прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, старшыня Цэнтральнага праўлення ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” У. П. Патапенка, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі гэтага ж аб’яднання М. Я. Каралюн, а таксама кіраўнікі раённых арганізацый і прадпрыемстваў, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі грамадскасці.
Справаздачна-выбарная канферэнцыя прайшла ў атмасферы дабрыні, увагі, разумення. З грунтоўным аналізам работы выступіла  старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Л. М. Нагібава. Любоў Мікалаеўна расказала пра тую работу, якая была праведзена за мінулы год. Не абмяжоўваліся рознымі забаўляльнымі мерапрыемствамі і віншаваннямі з юбілеямі. Прымалі ўдзел у раённых мерапрыемствах, пабывалі на экскурсіях у Полацку, Магілёве, Пскове, праводзілі акцыю “Увайдзі ў кожны дом”. Не пакідалі па-за ўвагай і дзяцей-інвалідаў: яны наведваюць раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі, цэнтр дзяцей і моладзі. Да канферэнцыі прымеркавалі сваю выставу падзелак. Любоў Мікалаеўна выказала шчырую падзяку раённым уладам, кіраўніцтву райспажыўтаварыства, аддзела адукацыі, ПМК-70, райбальніцы, райбыткамбіната, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і іншых арганізацый за дапамогу і разуменне.
Вядома, стараліся заахвоціць справамі арганізацыі як мага больш людзей. Вялікі плюс, што сюды пацягнуліся маладыя, што не засталіся сам-насам са сваімі хваробамі і праблемамі. Разам з тым Любоў Мікалаеўна акрэсліла задачы. Сёння раённая арганізацыя аб’ядноўвае 320 чалавек, гэта 35% усіх інвалідаў, што пражываюць у раёне. Старшыням пярвічных арганізацый (іх створана ў раёне дзевяць) ёсць над чым працаваць.
Пра супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй “Беларускага таварыства інва-лідаў” расказалі  старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын В. Г. Навіцкая і старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” В. А. Паршыкава. Валянціна Ананьеўна ў прыватнасці зазначыла, што раённыя  грамадскія арганізацыі будуюць сваю работу на шчырасці і дабрыні: “Клопат пра бліжняга – на гэтым і трымаецца наша грамадства, у гэтым наша сіла”.
На канферэнцыі было многа выступаючых. Усе яны дзякавалі Л. М. Нагібавай за добрую работу, выказвалі прапановы. Старшыня пярвічнай арганізацыі Лаўжанскага сельвыканкама А. К. Бядрыцкі заўважыў, што арганізацыі варта распачаць фізкультурна-аздараўленчую работу, браць удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Напрыканцы канферэнцыі выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч падкрэсліў, што улада заўсёды ідзе насустрач грамадскім арганізацыям, дапамагае ім. Такое цеснае супрацоўніцтва будзе і ў далейшым.
Л. М. Нагібава была адзінагалосна абрана старшынёй раённай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў”. У. П. Патапенка ўручыў Любові Мікалаеўне ганаровую грамату Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае грамадства інвалідаў”. Такую ж узнагароду атрымаў В. І. Барысевіч, старшыня пярвічнай арганізацыі па Мікалаёўскаму сельвыканкаму. Членам арганізацыі З. М. Фамічовай і С. І. Балашэўскай за актыўны ўдзел у абласных выставах па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву былі ўручаны ўдзячныя лісты.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *