На тэрыторыі Светласельскага сельсавета прайшоў Дзень работы з насельніцтвам

Главное Новости Общество

Пераможам вірус – захаваем жыцці

На мінулым тыдні на тэрыторыі Светласельскага сельсавета праводзіўся Дзень работы з насельніцтвам. У склад рабочых груп уваходзілі кіраўніцтва раёна, спецыялісты аддзелаў райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іншых адказных і зацікаўленых структур.

Падчас сустрэчы рабочай групы райвыканкама з жыхарамі вёскі Баёўка.

На працягу двух дзён рабочыя групы наведалі ўсе населеныя пункты сельсавета.
Група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай трымала накірунак па маршруце Светласельскі –Засіннікі – Крупчына – Каравайніца – Баёўка. Падчас сустрэч з вяскоўцамі гутарылі пра надзённае і набалелае, уздымалі важныя жыццёвыя праблемы. Людзям было даспадобы тое, што ўлады прыехалі да іх, бо ёсць упэўненасць, што праблемы, выказаныя праз жывыя зносіны, абавязкова будуць вырашаны.
Так, даяркі з фермы Баёўка прасілі хоць на некаторых слупах па дарозе, якая вядзе да фермы, усталяваць лямпачкі, бо дабірацца на ранішнюю і вячэрнюю дойкі ва ўмовах «хоць вока выкалі» вельмі складана.

Падчас сустрэчы рабочай групы райвыканкама з жыхарамі вёскі Засіннікі.

Актыўнымі былі жыхары вёскі Засіннікі. Яны практычна ўсе прыйшлі на сустрэчу. Жанчыны расказалі, што любяць сваю вёску і стараюцца наводзіць парадак на падворках і ля дамоў. Разам з тым мясцовыя жыхары прасілі адрамантаваць дарогі ці вырашыць пытанне, каб сельгастэхніка рухалася да палеткаў у аб’езд вёскі. Хвалявала вяскоўцаў і праблема з вадой – у канцы населенага пункта трэба мяняць калонку, бо яна ўжо старая і ржавая, месцамі падцякае.
У вёсцы Крупчына людзей хваляваў зарослы ўчастак уздоўж чыгуначнага палатна, адкуль на падворкі прыходзяць яноты і лісы – небяспека для дамашняй птушкі. Гэтыя і ўсе іншыя праблемы былі ўзяты на аловак, будуць перададзены ў адпаведныя службы для далейшага вырашэння.
Кіраўнік групы Ірына Шалахава засяродзіла ўвагу вяскоўцаў на сітуацыі з каранавірусам. Яна расказала, наколькі эфектыўнай з’яўляецца вакцынацыя. Як сцвярджаюць медыкі, у рэанімацыю райбальніцы не трапіў ні адзін чалавек з прышчэпкай. Значыць, вакцынацыя – гарант таго, што калі і перахварэеш на «карону», то ў лёгкай форме. Па прагнозе медыкаў, вясной чакаецца новая хваля вірусу, якая ахопіць не толькі дарослых, але і дзяцей. І дарослыя павінны ўжо сёння думаць пра маладое пакаленне і своечасова зрабіць прышчэпкі. Выраз «Пераможам вірус – захаваем жыцці» (з дапамогай вакцынацыі) падчас Дня работы з насельніцтвам быў крылатым.
Участковы інспектар райаддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Шэдзько заклікаў людзей быць пільнымі і акуратнымі, не пускаць у дамы незнаёмых людзей, у цёмны час сутак карыстацца флікерамі, берагчы сваю маёмасць, своечасова паведамляць у РАУС пра сямейных дэбашыраў і падазроных асоб, якія з’явіліся ў населеным пункце. Вялася гаворка і пра пажарную бяспеку, бо сёлета на тэрыторыі раёна зарэгістравана трыццаць пажараў. І большасць з іх здарылася па схеме «выпіў-закурыў-заснуў». Але ж некаторыя пажары пачынаюцца на паддашку – з-за таго, што гаспадары не дагледзелі і не адрамантавалі дымаход. Адна іскра праз трэшчыну – і разгарэлася полымя.
Таксама рабочыя групы папярэдзілі вяскоўцаў пра электрабяспеку: трэба своечасова мяняць старую праводку, бо яна не вытрымлівае эксплуатацыі новых электрапрыбораў.
Ва ўсіх населеных пунктах пражывае многа людзей сталага ўзросту, у тым ліку і адзінокіх, таму спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Грыгор’ева расказала пра паслугі цэнтра, пра графік работы сацыяльных работнікаў, пра аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якое знаходзіцца ў аг. Мішневічы. Дарэчы, падчас Дня работы з насельніцтвам трапіць у гэта аддзяленне выказаліся адразу некалькі вясковых жыхароў. Гэта добры варыянт для адзінокіх людзей, яны правядуць зіму ў цяпле і камфорце.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №89 ад 16.11.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *