Рейд ГАИ по незаконным стоянкам большегрузного авторанспорта

Закон Общество

А тут стаянка забаронена
З 12 студзеня бягучага года ўнесены змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Больш жорсткімі сталі штрафы для тых, хто парушае Правілы дарожнага руху, у прыватнасці, пакідаюць вялікагрузныя машыны не ва ўстаноўленых месцах. Так, за стаянку ў населеным пункце аўтамашыны вагою звыш 3,5 тоны прадугледжаны штраф 175 тысяч рублёў, за паўторнае парушэнне – 350 тысяч.
Ці прытрымліваюцца вадзіцелі вялікагрузных машын Правілаў дарожнага руху, ці ставяць машыны на стаянку ў забароненых месцах – гэта высвятлялі падчас чарговага рэйду дзяржаўтаінспектар Мікалай Гаралевіч, дружыннік Аляксандр Шабайлаў разам з карэспандэнтам раённай газеты.
Стаянкі не па правілах былі зарэгістраваны ў Шуміліне і ў Обалі. Напрыклад, ля жылога дома па вуліцы Валадарскага ў райцэнтры стаялі МАЗ і прычэп.
На вуліцы Мічурына ля жылога дома ўбачылі два грузавыя КамАЗы з прычэпамі, на вуліцы Мінчугова – ГАЗ-52, на Суворава – “Газэль”, на 1-ай Энгельса і Шумілінскай – па МАЗу.  За стаянку ў забароненым месцы на аднаго з уладальнікаў КамАЗа складзены адміністрацыйны пратакол.
“А дзе мне ставіць машыну? – парыруе раззлаваны вадзіцель. – Дом уласны, машыну таксама купіў за ўласныя грошы. Стаянкі ў горадзе няма. Дык што цяпер мяне кожны тыдзень штрафаваць?”
Як патлумачыў Мікалай Гаралевіч, вырашаецца, каб у Шуміліне зноў адкрыць на тэрыторыі “Райаграсэрвісу” платную стаянку. Гэту паслугу мяркуюць аказваць ужо сёлетняй вясной.
Дарэчы, не па Правілах стаяць на абочыне дарогі не толькі ўласныя машыны, але і транспарт прадпрыемстваў, арганізацый. Напрыклад, некаторыя ва-дзіцелі камунгасу прыязджаюць на абед на машынах прадпрыемства. Але ж прыпынак – гэта калі машына стаіць не болей пяці хвілін, а звыш гэтага часу – ужо стаянка. А стаянка забаронена ў населеным пункце для вялікагрузных машын, калі гэта не звязана з работамі па разгрузцы ці выгрузцы.
І яшчэ. Стаянкі легкавушак ля прыватных дамоў не забаронены. Але ж некаторыя аўтамабілі стаяць нерухома з паўгода, а то і больш. А гэта стварае перашкоду для руху, для работы транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння і транспартных сродкаў дарожна-камунальных службаў. Для гаспадароў такіх машын на першы раз прадугледжаны штраф памерам у адну базавую велічыню, за паўторнае парушэнне  – дзве базавыя велічыні.
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *