Віктар УЛЮЦЕНКА: З «Герой працы» сябрую з 1967 года

Новости Общество

Віктар УЛЮЦЕНКА: З «Герой працы» сябрую з 1967 года

24 студзеня 2022 года раённая газета «Герой працы» адзначыць 90 год з дня выхаду ў свет свайго першага нумара. Напярэдадні гэтай даты ўспамінамі пра жыццё газеты, яе сталенне і людзей, якія стаялі за гэтым, дзеліцца пісьменнік, краязнаўца і даўні сябар рэдакцыі Віктар Васільевіч Улюценка.

Віктар Улюценка на святкаванні 75-гадовага юбілею газеты. Малая зала райвыканкама. 2007 год.
Мікалай Мароз, Анатоль Бруцкі і Аліна Пятрова (першы рад), Галіна Шылко, Аляксандр Шэдзько, Наталля Бараноўская, Сяргей Ермалаеў, Ларыса Зайцава і Наталля Чарнічэнка (другі рад). Чэрвень 2009 года.

Дух паэзіі быў ва ўсім
З раённай газетай «Герой працы» я пачаў супрацоўнічаць і сябраваць у 1967 годзе. Гэта быў час рамантызму ў нашай краіне. Дух паэзіі быў ва ўсім. Ад юнакоў і дзяўчат толькі і чулася: «А вы чыталі апошнюю кнігу Вазнясенскага? А Вінакурава?», «А як вы адносіцеся да Раждзественскага?». Іх творы дастаць было немагчыма.
Рамантызм савецкай эпохі быў асаблівы: асваенне прастораў Сібіры, пошук новых месцараджэнняў нафты, будаўніцтва гідраэлектрастанцый натхнялі моладзь на літаратурную творчасць.
Гэта адчувалася і ў рабоце шумілінскай рэдакцыі. Аддзел пісьмаў, дзе працаваў Мікалай Воранаў, у наступным вядомы беларускі празаік, быў завалены вершамі, апавяданнямі, нарысамі.
Я таксама дасылаў у рэдакцыю свае вершы, але іх не друкавалі. А аднойчы мяне туды паклікалі. Калі ступіў на парог рэдакцыі, у мяне дрыжэлі калені. Я лічыў сябе недастойным быць у храме друкаванага слова. Мікалай Воранаў сказаў камусьці з супрацоўнікаў: «У гэтым хлопцы штосьці ёсць, трэба гэты расток вырошчваць» – і надрукаваў мой першы верш «Ручай». Гэтага журналіста я лічу сваім хросным бацькам.
Калектыў рэдакцыі ў тым далёкім 1967 годзе быў маладзёжным і вельмі працавітым. Задаваў рабочы тон рэдактар Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі.
Таленавітым журналістам быў Павел Несцяронак, ён часта падмацоўваў свае артыкулы вершамі, асабліва калі пачыналася пасяўная і ўборачная. Гэта нараджала энтузіязм у чытачоў. Газету чыталі ахвотна. У той час прэса многімі журналістамі лічылася флагманам эканомікі.
Аўтарытэту рэдакцыйнаму калектыву тады дадаваў Уладзімір Нарушэвіч, пасля Воранава ён узначальваў аддзел пісьмаў. Ён вызначаўся класіцызмам, яго матэрыялы адзначаліся лёгкасцю слова, дасціпнасцю. Яму не трэба было абдумваць асобныя фразы, як некаторым журналістам, у яго галаве быў адразу гатовы артыкул, заставалася толькі перанесці на паперу. Гэта быў майстар слова.
У той час шмат увагі надавалася селькораўскаму і рабкораўскаму руху. Лічылася, што сельскі ці рабочы карэспандэнт – вочы і вушы рэдакцыі.
У сярэдзіне 70-х гадоў адбыўся абласны з’езд рабочых і сялянскіх карэспандэнтаў, на які я быў запрошаны. Ён мне добра запомніўся. Дэлегаты з’езда заходзілі ў вялікую залу Віцебскага аблвыканкама, пры дзвярах стаяў кантроль, правяралі па спіску і кожнаму ўручалі па 3 рублі. Зала была перапоўнена, прыйшлося ставіць дадатковыя крэслы.
У канцы сямідзясятых гадоў калектыў журналістаў рэдакцыі папоўніўся. На работу быў прыняты Іван Галуза, які ў той час завочна вучыўся на журфаку БДУ. Калі Эдуард Мікалаевіч прымаў яго ў калектыў, то спытаў, якую той мае спецыяльнасць. Галуза адказаў, што закончыў тэхнікум сувязі і атрымаў кваліфікацыю радыётэхніка. На пытанне, чаму ён вырашыў памяняць прафесію, Іван Галуза адказаў, што ніводнае сабранае ім радыё яшчэ не загаварыла. Усе смяяліся.
У наступным Іван Галуза стаў загадчыкам аддзела прамысловасці. Гэта быў вельмі таленавіты журналіст. Ён заўсёды вучыў мяне: «Перш чым напісаць матэрыял пра якога чалавека, трэба на нейкі час стаць ім, інакш нічога не атрымаецца. Калі плануеш напісаць пра рабочага, трэба надзець спяцоўку і стаць на канвеер. Хочаш зрабіць нарыс пра брыгадзіра – стань ім хаця б на адзін дзень».
Такім жа старажылам, як і Нарушэвіч, быў у рэдакцыі Уладзімір Батакоў, у канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў ён быў фотакарэспандэнтам газеты, пасля заканчэння вышэйшай партыйнай школы – намеснікам рэдактара і, нарэшце, рэдактарам газеты. Гэта быў рэдактар-міратворца. Ён пастаянна мірыў журналістаў, якія парушалі правілы творчага саперніцтва і лічылі сябе пакрыўджанымі. У ягоную камізэльку хто толькі не плакаў! І кожнага ён суцяшаў, для кожнага знаходзіў неабходныя словы. Уладзімір Цярэнцьевіч заўсёды быў добразычлівым і вясёлым.

Час наватарства
На пачатку васьмідзясятых гадоў у рэдакцыю прыйшлі Анатоль Бруцкі, Уладзімір Шаўчэнка, Анатоль Крачкоўскі. Бруцкаму ў першыя дні яго работы было даручана заняцца мемуарамі франтавікоў. Прыйдзе час, і ён стане рэдактарам газеты. У яго быў аналітычны падыход да любой справы. Ён любіў глыбока ўнікаць у сутнасць праблемы, не раз вяртаўся да напісанага матэрыялу.
Акуратыстам і абавязковым чалавекам запомніўся мне Уладзімір Шаўчэнка, які працаваў загадчыкам сельгасаддзела. Гэта быў здольны журналіст і крыху наіўны чалавек, што стала падставай для бяскрыўдных жартаў з боку калег. Але Уладзімір не крыўдаваў, а наадварот, любіў у адказ пажартаваць.
На пачатку васьмідзясятых гадоў настаў час наватарства. Інавацыі былі паўсюль. У гэты час у калектыў прыйшоў Мікола Мароз – выдатны нарысіст з літаратурнымі задаткамі. Пазней ён стане празаікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мікола Мароз – журналіст-лексіколаг, яго слоўнікаваму запасу можа пазайздросціць любы празаік.
Уліліся ў калектыў такія журналісты, як Таццяна Касуха і Ядзвіга Захар. Нарысы Таццяны Касухі вызначаліся асаблівай пранікнёнасцю і душэўнасцю.
Але рамантызм у гэты час адышоў на другі план, на сцэну выйшаў наватарскі прагматызм. Трэба было пісаць пра больш значнае, рэальнае. Са старонак не зыходзіла тэматыка БАМа, перабудовы, ад-крываліся новыя інавацыйныя гарызонты.
Час эпохі наватарства выбраў і Віктара Палісадзіна. Віктар Мікалаевіч пісаў вострыя матэрыялы па праблемах дарожнай бяспекі, п’янства вадзіцеляў. Ён быў незаменным грамадскім інспектарам ДАІ, падзяляў з супрацоўнікамі ўсе цяжкасці дарожнай службы, часта дзяжурыў з імі. Віктар Палісадзін быў выдатным фатографам, створаны ім вялікі фотаархіў часта выручаў журналістаў.

Калектыў з вялікім патэнцыялам
Падчас рэдактарства Аліны Пятровай творчае жыццё газеты «Герой працы» прыкметна ажывілася. Адным з галоўных накірункаў у рабоце газеты стала краязнаўства, гісторыя раёна, пошукавая дзейнасць. Гэтаму садзейнічала і амаладжэнне калектыву, і асабісты ўклад Аліны Іванаўны. Газета стала цікавай і чытаемай, новы рэдактар бачыў у гэтым увесь сэнс свайго жыцця.
Развіццю краязнаўства са-дзейнічала і накіраванасць на адраджэнне нацыянальнай культуры.
Гэты час супаў з пікам маёй творчасці. Па даных Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, за час работы рэдактарам Аліны Пятровай у раённай газеце было апублікавана больш за 60 маіх матэрыялаў па гістарычнай і краязнаўчай тэматыцы. Гэта стала неацэннай дапамогай у маім станаўленні як журналіста і пісьменніка. Гэты факт адзначаны і ў энцыклапедыі «Краязнаўцы Віцебшчыны», якая выйшла ў 2010 годзе пад рэдакцыяй Мікалая Півавара.
І сённяшні калектыў рэдакцыі лічу творчым, прафесійным і адказным, з вялікім рабочым патэнцыялам.
Апублікавана ў №89 ад 16.11.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *